Ведаць пра вайну і берагчы мір. Да праекта «Памяць. Вязні. 1941–1945» далучыліся і ляхавічане
На жаль, з кожным годам становіцца ўсё менш жывых сведкаў і ўдзельнікаў трагічных падзей Вялікай Айчыннай вайны. Таму так важна і неабходна захаваць для будучых пакаленняў праўду пра вайну.
Беларускі фонд міру стварае інфармацыйны партал, на якім плануецца сабраць максімальна поўную інфармацыю пра былых вязняў фашысцкіх канцлагераў у гады Другой сусветнай вайны – жыхароў Беларусі. Камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама сфарміраваны спісы былых вязняў розных месцаў прымусовага ўтрымання, якія пражываюць на Брэстчыне. Да праекта «Памяць. Вязні. 1941–1945» далучыліся і ляхавічане. Міратворцы аграрнага каледжа – Школы міру –
сустрэліся з членамі атрада «Следапыты» СШ № 2. Разам вывучалі дакументы, пазнаёміліся з музейнай экспазіцыяй, сабралі і запісалі інфармацыю пра былога непаўналетняга вязня фашысцкіх канцлагераў ляхавічанку Зою Осіпаву.
Напачатку сакавіка юныя міратворцы пабывалі ў гасцях у Зоі Яфімаўны. Адбыўся зацікаўлены дыялог моладзі і прадстаўніка старэйшага пакалення.
Асаблівая старонка ўспамінаў, канешне ж, прысвечана таму трагічнаму часу, калі дзесяцігадовая Зоя Осіпава разам з мамай і трыма сёстрамі стала адной з мільёнаў савецкіх грамадзян, якіх фашысты ператварылі ў бясплатную рабочую сілу. Адной з тых,
хто ў жудасных умовах захаваў непамерную прагу да жыцця, выжыў, вытрымаў і застаўся чалавекам.
Зоя Осіпава і сёння з болем расказвае, якім цяжкім быў шлях у таварным цягніку з радзімы ў Нямеччыну. А потым доўгія дні цяжкай прымусовай працы. Умовы ўтрымання вязняў – дзяцей, жанчын – былі нечалавечымі: спалі на нарах, будынак быў без ацяплення, мыцца можна было толькі халоднай вадой і тое не заўсёды. Было не толькі холадна, але і голадна. На работу вадзілі пад канвоем.
– Разумелі, што вайна вось-вось закончыцца: усё часцей налёты авіяцыі. І раптам у адзін з дзён не прыйшоў за намі ў барак канвой. З’явіліся амерыканскія салдаты, нас пагрузілі ў машыны і павезлі, як аказалася, дадому ў Савецкі Саюз. Мама вырашыла не вяртацца на Смаленшчыну, засталіся ў Брэсцкім раёне, на яе малой радзіме, – нібы вяртаецца ў 1945 год Зоя Яфімаўна. Пасля вайны Зоя Осіпава выбрала прафесію педагога. І да 1989 года выкладала рускую мову і літаратуру ў ляхавіцкай СШ № 2.
Ларыса ЮШКЕВІЧ,
старшыня РА ГА «Беларускі фонд міру».


