Нефармальны падыход да камунальных праблем. На апаратнай нарадзе ў старшыні Ляхвіцкага райвыканкама разглядалася пытанне «Аб рабоце КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ»

Фармальны падыход пры вырашэнні зваротаў грамадзян, прэтэнзій на выкананне жыллёва-камунальных паслуг неабходна поўнасцю выключыць. Такое патрабаванне да кіраўніцтва і спецыялістаў камунгаса выказаў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз на апаратнай нарадзе, дзе разглядалася пытанне «Аб рабоце КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» па выкананні патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта ад 4.03.2019 № 7 «Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны».

Як спрацавала Ляхавіцкая ЖКГ летась, па якіх пазіцыях паказчык эфектыўнасці работ павысіўся, а дзе відавочны мінус, пра задачы на сёлета, і як праводзіцца работа над памылкамі, расказаў дырэктар камунгаса Андрэй Чайкоўскі.
Спачатку пра плюсы. Прадпрыемства ў мінулым годзе паказала прыбытковую работу. Рэнтабельнасць продажу склала 8,1 працэнта пры заданні 3,6 працэнта. Паказчык па зніжэнні ўзроўню затрат
на вытворчасць прадукцыі – мінус 1,94 працэнта (заданне мінус
1,9 працэнта). Рост намінальнай налічанай заработнай платы
115,3 працэнта ў параўнанні з 2023 годам. Спыніўся Андрэй
Чайкоўскі і на паказчыках па капітальным рамонце жыллёвага фонду, замене цеплавых сетак. Напрыклад, летась было ўведзена ў эксплуа-
тацыю пасля капрамонту 2,3 тысячы квадратных метраў жылля. На сёлета запланавана 5,5 тысячы квадратных метраў. Выкананы пастаўленыя задачы па выкарыстанні мясцовых відаў паліва, энергазберажэнні, выкананні нормаў страты цеплавой энергіі, па забеспячэнні спажыўцоў якаснай пітной вадой. Так, у
2024 годзе завершана будаўніцтва станцый абязжалезвання ў Свяціцы і Зубелевічах, распрацавана праектная дакументацыя на будаўніцтва такога ж аб’екта ў Навасёлках. Праведзены будаўніча-мантажныя работы па рамонце ўчастка водаправоднай сеткі ў Зубелевічах і ў Свяціцы.
У рабоце камунгаса за мінулы год ёсць і недапрацоўкі. За мінулы год у адзіны абласны кантакт-цэнтр паступіла 889 зваротаў ад жыхароў раёна, што на 75 зваротаў больш, чым у 2023 годзе. Значнае павелічэнне прэтэнзій тычыцца стану дарог, гарачага  водазабеспячэння, работы каналізацыі, абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі, санітарнага стану тэрыторый і шматкватэрных дамоў, вулічнага асвятлення.
Змінусаваў камунгас па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў. У мінулым годзе прадпрыемствам сабрана 507,9 тоны ДМР ці
92,3 працэнта да гадавога задання на 2024 год.
Фармальным назвалі падыход спецыялістаў камунгаса пры правядзенні восеньскіх і веснавых аглядаў жылых дамоў. Па словах начальніка аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марыны Завадскай, аналіз заявак і прэтэнзій грамадзян, што паступілі ў службу 115, паказвае: камунгас прымае недастатковыя меры па іх належным разглядзе. Адзін з прыкладаў. Заяўка на нумар 115 паступіла 26 лютага 2025 года – тэмпература гарачай вады не адпавядае санітарным нормам. У гэты ж дзень заяўка была закрыта. Аднак, 27 лютага падчас абзвону спецыялістамі службы 115 вернута
на дапрацоўку. І такіх прыкладаў нямала.
Асноўнымі прычынамі недахопаў у рабоце камунальнай службы Марына Завадская назвала неналежнае выкананне патрабаванняў заканадаўства, якое рэгулюе парадак правядзення бягучага рамонту жыллёвага фонду, планавых аглядаў будынкаў, няякаснае рэагаванне на заяўкі ці прэтэнзіі грамадзян, фармалізм пры выкананні службовых абавязкаў некаторых спецыялістаў і недастатковы кантроль з боку кіраўніцтва камунгаса.

Галіна КАНЬКО.