Перарэгістрацыя абавязковая! Адбылося чарговае пасяджэнне раённай камісіі садзейнічання кантролю за выкананнем заканадаўства аб свабодзе сумлення, веравызнання і рэлігійных арганізацыях пры Ляхавіцкім райвыканкаме
Адбылося чарговае пасяджэнне раённай камісіі садзейнічання кантролю за выкананнем заканадаўства аб свабодзе сумлення, веравызнання і рэлігійных арганізацыях пры Ляхавіцкім райвыканкаме. Удзел у ім узялі прадстаўнікі духавенства розных рэлігійных канфесій, зарэгістраваных у Ляхавіцкім раёне. Адно з асноўных пытанняў парадку дня – праходжанне перарэгістрацыі рэлігійных суполак.

Намеснік старшыні райвыканкама, старшыня камісіі Алег Траццяк адзначыў, што рэлігійным суполкам неабходна паскорыць працэс да 1 ліпеня 2025 года. Асаблівых цяжкасцей
не павінна быць, галоўнае – выконваць усе неабходныя патрабаванні. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Бурак падкрэсліла, што неабходна большая зацікаўленасць з боку кіраўнікоў рэлігійных суполак, а супрацоўнікі аддзела акажуць своечасовую дапамогу – інфармацыйную і метадычную.
Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Юшкевіч у чарговы раз расказала пра праблемы, з якімі найчасцей сутыкаюцца рэлігійныя арганізацыі падчас перарэгістрацыі, падрабязна спынілася на алгарытме перарэгістрацыі рэлігійных суполак, якую неабходна правесці абавязкова і атрымаць адпаведнае пасведчанне. Спецыяліст нагадала, што для перарэгістрацыі, як, дарэчы, і рэгістрацыі рэлігійнай суполкі, неабходна не менш за 20 заснавальнікаў – грамадзян Рэспублікі Беларусь, якім споўнілася 18 гадоў, зарэгістраваных па месцы жыхарства. Дарэчы, адзін грамадзянін можа быць заснавальнікам толькі адной рэлігійнай суполкі.
Перарэгістрацыю павінна абавязкова прайсці кожная рэлігійная суполка, у адваротным выпадку ліквідацыя такой арганізацыі праводзіцца праз суд.
Яшчэ адзін важны момант. Для перарэгістрацыі патрэбна наяўнасць дакумента, што пацвярджае права размяшчэння рэлігійнай арганізацыі па месцы знаходжання, указаным у статуце. Для гэтага павінен быць тэхнічны пашпарт ці пасведчанне БТІ аб рэгістрацыі будынка культавага збудавання.
Ларыса Юшкевіч паведаміла, што найбольш актыўна ўключыліся ў перарэгістрацыю праваслаўныя суполкі (іх у Ляхавіцкім раёне восем), дзве з іх прайшлі перарэгістрацыю, дакументы яшчэ трох знаходзяцца на разглядзе ў аблвыканкаме. Што тычыцца рэлігійных арганізацый каталіцкай канфесіі (на Ляхавіччыне такіх сем), то пакуль дакументы толькі адной суполкі праходзяць праверку ў аблвыканкаме, астатнія збіраюць неабходны матэрыял. Пра што і расказаў ксёндз рымска-каталіцкага прыхода касцёла
Найсвяцейшага Сэрца Ісуса Хрыста ў Ляхавічах Станіслаў Маленькі.
Сярод праблемных момантаў, якія ўзняў пастар рэлігійнай суполкі «Царква хрысціян веры евангельскай «Прымірэнне» Віктар Вечар, – атрыманне тэхпашпартаў ці пасведчанняў БТІ. Але, разам з тым, пытанні паступова вырашаюцца. Прадстаўнік суполак
хрысціян веры евангельскай падзякаваў супрацоўнікам аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама за садзейнічанне ў праходжанні перарэгістрацыі.
Галіна КАНЬКО.