Сакавік — чысты і прыгожы. Узорнае добраўпарадкаванне і адметнае азеляненне – гэта пра тэрыторыю ляхавіцкай гімназіі

Чысціня – адна з даўніх традыцый сакавіка. Абласная акцыя «Месяц чысціні» на Ляхавіччыне перадае эстафету месячніку па ўборцы, добраўпарадкаванні і азеляненні, які стартуе 24 сакавіка.
Узорнае добраўпарадкаванне і адметнае азеляненне – гэта пра тэрыторыю ляхавіцкай гімназіі.
Яна прыводзіць у захапленне, натхняе на перайманне, а яшчэ вучыць падрастаючае пакаленне бачыць прыгажосць, цаніць чужую працу і ўмець падтрымліваць чысціню і парадак вакол сябе. Гэтымі днямі тутэйшы бібліятэкар Анжэла Івановіч і яе муж Алег, які працуе ў гімназіі рабочым, дадаюць апошнія штрыхі ў зялёным дызайне навучальнай установы – надаюць туям мудрагелістыя формы.

Дзясяткі шпакоўняў, сотні дрэваў, тысячы кветак – вясновы месячнік чысціні і азелянення на Ляхавіччыне дазволіць кожнаму жадаючаму ўнесці свой уклад у прыгажосць і добраўпарадкаванасць навокал.
Насельніцтва, працоўныя калектывы, арганізацыі, навучэнцы – чакаецца, што да справы далучацца прадстаўнікі розных узростаў, прафесій, заняткаў. Працы хопіць для ўсіх! Дарэчы, у той жа гімназіі, напрыклад, не чакалі афіцыйнага старту месячніка. Тут парадак падтрымліваецца круглы год. А яшчэ гімназісты добра ведаюць, што чыста там, дзе не смецяць.

