Пра Асноўны Закон і ключавыя кропкі росту. Інфармацыйна-прапагандысцкія групы на гэтым тыдні сустракаліся з працоўнымі калектывамі Ляхавіччыны
Інфармацыйна-прапагандысцкія групы на гэтым тыдні сустракаліся з працоўнымі калектывамі Ляхавіччыны.
На парадку дня – абмеркаванне пытанняў, якія цікавяць і хвалююць многіх.
ІПГ пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Мікалая Мароза працавала ў камунгасе.
«Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – прававы фундамент адзінства і працвітання беларускага народа» – адна з тэм адзінага дня інфармавання. Мікалай Мароз нагадаў, што Канстытуцыя Беларусі – гэта галоўны дакумент, які рэгламентуе сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны, правы і абавязкі грамадзян. Таксама кіраўнік раёна падкрэсліў, што грамадзяне Беларусі актыўна ўдзельнічалі ў дапрацоўцы артыкулаў Асноўнага Закона падчас рэспубліканскага рэферэндуму па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю. А прыняцце абноўленага Асноўнага Закона –гэта жаданне беларусаў захаваць сацыяльна-эканамічную мадэль развіцця нашай дзяржавы, тым самым умацаваць суверэнітэт Беларусі.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Бурак спынілася на асноўных этапах больш чым 30-гадовай гісторыі Канстытуцыі суверэннай Беларусі. Асноўны Закон у незалежнай краіне быў прыняты 15 сакавіка 1994 года і замацаваў статус рэспублікі як дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы. За дзесяцігоддзі Асноўны Закон перажыў не адно змяненне і кожны раз станавіўся люстэркам эпохі. Рэферэндумы ў Беларусі па змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю (адбыліся ў 1995, 1996, 2004, 2022 гадах) – гэта вехі канстытуцыйнага развіцця.
Сімвалічна, што абноўлены Асноўны Закон уступіў у сілу 15 сакавіка 2022 года – у Дзень Канстытуцыі. Дакладчык расказала пра асноўныя змяненні і дапаўненні і падкрэсліла, што Канстытуцыя – гэта па-сапраўднаму народны дакумент, які сімвалізуе дынамізм развіцця краіны, з’яўляецца правілам жыцця для ўсіх беларусаў.
Таксама інфармацыйна-прапагандысцкія групы вялі размову пра ключавыя кропкі росту Брэстчыны і Ляхавіччыны. Што тычыцца Ляхавіцкага раёна, то па выніках 2024 года выкананы наступныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця: тэмп росту намінальнай налічанай сярэднямесячнай зарплаты, росту сукупных паступленняў даходаў кансалідаванага бюджэту раёна, нарматыў зніжэння ўзроўню затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі па арганізацыях мясцовага падпарадкавання. Аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі ў бягучых цэнах у мінулым годзе склаў 177,4 мільёна рублёў, ці 115,9 працэнта да 2023 года. Найбольш паспяхова справіліся па гэтым паказчыку ТАА «Фермент», СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» і КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Імпартазамяшчальнай прадукцыі выпушчана 113,5 працэнта ад запланаванага аб’ёму. У планах на сёлета – забеспячэнне тэмпаў росту ў прамысловым комплексе Ляхавіччыны на ўзроўні 110 пра-
цэнтаў. А рост экспарту тавараў і паслуг запланаваны на 9 працэнтаў у параўнанні з 2024 годам, рост намінальнай налічанай заработнай платы ў 2025 годзе павінен скласці 110,7 працэнта да мінулага года.
Сустрэча адбылася перад прафесійным святам – Днём работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, таму Мікалай Мароз павіншаваў калектыў камунгаса са святам і пажадаў новых працоўных здабыткаў і поспехаў.
ІПГ пад кіраўніцтвам старшыні райсавета дэпутатаў Юрыя Чаранкевіча сустрэлася з калектывам ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі». Таксама адзіны дзень інфармавання прайшоў у ТАА «Ляхавічыдрэў Экспарт» і «Трансэлектракамплект».
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.