Дэпутацкі графік – насычаны. На гэтым тыдні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Георгій Хлябовіч працаваў у сваёй выбарчай акрузе

На гэтым тыдні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Георгій Хлябовіч працаваў у сваёй выбарчай акрузе – Баранавіцкай сельскай № 7. Даволі насычаным дэпутацкі графік атрымаўся на Ляхавіччыне.

На парадку дня ў сераду – прыём, які дэпутат Парламента праводзіць з жыхарамі раёна па надзённых пытаннях. Таксама адбылася сустрэча з прадстаўнікамі Маладзёжнага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў. Прыемным момантам дыялога «ўлада – моладзь» стала ўручэнне Георгіем Хлябовічам пасведчання члена Маладзёжнага парламента пры Брэсцкім абласным Савеце дэпутатаў старшыні Маладзёжнага парламента пры Ляхавіцкім раённым Савеце дэпутатаў Яне Дзедуль. Акрамя таго, Георгій Хлябовіч удзельнічаў у рабоце прэзідыума райсавета дэпутатаў. 
У межах супрацоўніцтва з раённай уладай Георгій Хлябовіч разам са старшынёй дэпутацкага корпуса раёна Юрыем Чаранкевічам і начальнікам аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марынай Завадскай выехалі на вуліцу Русінавіцкую ў Ляхавічах. Справа ў тым, што да дэпутата Парламента паступіў зварот ад жыльцоў дамоў № 15 і № 19 па вуліцы Русінавіцкай з пытаннем, чаму дарожны рамонт з далейшым уладкаваннем асфальтавага пакрыцця, які пачаўся ў мікрараёне вуліцы Юбілейнай, не закрануў тэрыторыю, дзе знаходзяцца іх жылыя дамы. 

– У першачарговым парадку вядзецца асфальтаванне вуліц, дзе шчыльная жылая забудова. На гэтым участку вуліцы Русінавіцкай заселены толькі тры жылыя дамы, астатнія адведзеныя пад будаўніцтва жылля ўчасткі не забудаваны. Акрамя таго, некаторыя будынкі гаражных кааператываў, што знаходзяцца побач, не ўведзены ў эксплуатацыю. Таксама не завершана будаўніцтва аўтастаянкі ПМК-13. Гэтыя і іншыя абставіны гавораць пра тое, што ўладкаванне асфальтавага пакрыцця згаданага ўчастка вуліцы Русінавіцкай пакуль немэтазгодна. Такі погляд на сітуацыю сёння. Аднак у далейшым магчыма вяртанне да гэтага пытання, – пракаменціравала Марына Завадская.
– Канструктыўны дыялог з выбаршчыкамі – менавіта так ахарактарызую сустрэчу з калектывам Дараўскай сярэдняй школы. Актыўна абмяркоўвалі адну з тэм сакавіцкага адзінага дня інфармавання насельніцтва «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – прававы фундамент адзінства і працвітання беларускага народа». Даволі плённай стала і размова пра навацыі праекта Закона «Аб змяненнях законаў па пытаннях забеспячэння правоў дзяцей». Адзін з ключавых момантаў – прадугледжваецца псіхалагічная гутарка з асобамі, якія прэтэндуюць на заняцце педагагічнай дзейнасцю, – адзначае Георгій Хлябовіч.
У чарговы раз у полі зроку парламентарыя – маніторынг цэн і забяспечанасць неабходнымі таварамі магазінаў. На гэты раз на дэпутацкім маршруце – магазін «Родны кут» у аграгарадку Дарава. 
 
 Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.