«Забудзем дарогу ў Хатынь – усё паўторыцца…». 22 сакавіка – Дзень памяці ахвяр хатынскай трагедыі
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА:
– Яшчэ раз хачу паўтарыць усім вам і тым, хто мяне пачуе: прыходзьце сюды часцей, прыводзьце з сабой дзяцей – сваіх, суседзяў, іншых. Калі забудзем дарогу ў Хатынь – усё паўторыцца. Нам трэба гэтага пазбегнуць. Жыццё даражэйшае за ўсё.
22 сакавіка 2023 г., на мерапрыемстве, прымеркаваным
да 80-й гадавіны хатынскай трагедыі.

82 гады назад у сакавіку 1943 года фашысцкія карнікі знішчылі беларускую вёску Хатынь разам з усімі яе жыхарамі. Былі спалены ў агні і расстраляны 149 чалавек, з якіх 75 дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў. Спаленая Хатынь не адна такая ў нашай Беларусі. Але менавіта яна стала сімвалам вялікай нацыянальнай трагедыі і вечнага смутку.

На афіцыйным сайце Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь змешчаны матэрыялы расследавання крымінальнай справы пра генацыд беларускага народа.
Ёсць і падраздзел «Спаленыя вёскі», у якім пазначана, што да 2021 года, да пачатку расследавання крымінальнай справы, лічылася, што на тэрыторыі БССР у гады акупацыі спалена поўнасцю або часткова, у тым ліку разам з жыхарамі, 9 200 населеных пунктаў. На сёння матэрыяламі крымінальнай справы пацверджана знішчэнне не менш за 12 348 вёсак і пасёлкаў. Сярод дадаткова ўстаноўленых – 102, якія паўтарылі трагічны лёс Хатыні – спалены разам з жыхарамі і так ніколі не аднавіліся пасля вайны. Цяпер гэты жалобны спіс складаюць 288 населеных пунктаў. Толькі за некалькі гадоў расследавання крымінальнай справы выяўлены і названы яшчэ 40 карных аперацый, праведзеных гітлераўцамі супраць мірнага беларускага насельніцтва. Цяпер іх налічваецца больш за 180. І гэта, верагодна, не апошнія лічбы.
Хатынь стала збіральным вобразам соцень яе беларускіх сясцёр. Гістарычна пацверджана: трагедыя Хатыні – не выпадковы эпізод вайны, а адзін з тысяч трагічных прыкладаў, якія сведчаць пра мэтанакіраваную палітыку генацыду гітлераўцаў у адносінах да насельніцтва нашай краіны падчас Другой сусветнай вайны.
Каб нацысцкія злачынцы і іх прыспешнікі, якія ўцяклі ад адказнасці, усё ж панеслі заслужанае пакаранне, Генеральная пракуратура Беларусі ініцыявала ўнясенне змяненняў у крымінальна-працэсуальнае заканадаўства для забеспячэння магчымасці судовага разгляду крымінальных спраў па злачынствах, што не маюць тэрміну даўнасці, адносна асоб, якія памерлі.
Тое, што злачынствы супраць беларускага народа не маюць тэрміну даўнасці пацвярджае і судовае разбіральніцтва, якое ў лютым 2024 года пачалося ў Вярхоўным Судзе Беларусі ў адносінах да аднаго з катаў Хатыні Уладзіміра Катрука, якому пры жыцці ўдалося пазбегнуць пакарання. На год смерці ў 2015 годзе Катрук, які пасля вайны ўцёк у Канаду, дзе і жыў, лічыўся другім у спісе застаўшыхся ў жывых самых вышукваемых нацысцкіх ваенных злачынцаў. Крымінальная справа супраць Катрука складаецца з 35 тамоў, устаноўлена 12 эпізодаў яго злачыннай дзейнасці ў складзе 118-га батальёна ахоўнай паліцыі, у тым ліку ўдзел у знішчэнні жыхароў Хатыні. Працэс быў адкрыты і дазволіў паказаць сапраўдны твар карнікаў, якія дзейнічалі на шматпакутнай беларускай зямлі.
У кастрычніку мінулага года Генеральны пракурор Беларусі накіраваў у Вярхоўны Суд другую справу па абвінавачванні аднаго з карнікаў Хатыні Канстанціна Смоўскага ва ўчыненні генацыду (артыкул 127 Крымінальнага кодэкса). Гэты фашысцкі карнік меў дачыненне да забойства не менш за 430 мірных беларусаў, з якіх больш за 130 – дзеці. Прыгаворам Вярхоўнага Суда 20 снежня 2024 года Канстанцін Смоўскі прызнаны вінаватым у генацыдзе.
Расследаванне справы пра генацыд беларускага народа прадаўжаецца. А званы Хатыні, Алы, Зэльвы нагадваюць сённяшнім пакаленням пра страшныя падзеі той вайны і заклікаюць берагчы мір.
У памяць пра мірных жыхароў – ахвяраў фашызму ў Беларусі ў 1969 годзе быў адкрыты мемарыяльны комплекс «Хатынь». Гэта ўнікальнае памятнае месца, якое нагадвае пра лёсы тысяч знішчаных фашысцкімі захопнікамі населеных пунктаў і мільёны загінулых людзей. На тэрыторыі комплексу знаходзяцца адзіныя ў свеце «Могілкі вёсак».
За больш чым 55-гадовую гісторыю існавання мемарыяльны комплекс «Хатынь» наведалі каля 42 мільёнаў чалавек з больш чым 100 краін свету.
Дзяржаўны мемарыяльны комплекс «Хатынь» уключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Вясной 2022 года па даручэнні Кіраўніка дзяржавы ў комплексе пачаўся капітальны рамонт з мадэрнізацыяй і элементамі рэстаўрацыі. Указам Прэзідэнта гэтай рэканструкцыі быў прысвоены статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі. У памяць пра мільёны мірных беларусаў, жыцці якіх забрала тая страшная вайна, на тэрыторыі «Хатыні» пабудаваны новы музей «Кожны трэці» плошчай тысяча квадратных метраў, адкрыццё якога было прымеркавана да 80-годдзя трагічнай гібелі жыхароў Хатыні.
І сёння ўсё яшчэ не сціхае боль беларускай зямлі: па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры працягвае дапаўняцца спіс знішчаных нацыстамі сельскіх населеных пунктаў. У Ляхавіцкім раёне гітлераўцы і іх прыспешнікі-паліцаі спалілі 48 вёсак і хутароў.
Каб ведалі, каб помнілі, каб не забывалі, на Ляхавіччыне ў вёсцы Марынова, якая была спалена гітлераўцамі ў чэрвені 1941 года, устаноўлены памятны знак спаленым вёскам Ляхавіччыны. Устаноўку гэтага памятнага знака ініцыявалі неабыякавыя землякі: дэпутаты, стараста, педагогі, культработнікі з аграгарадка Малое Гарадзішча і бліжэйшых вёсак.
Райвыканкамам і райсаветам арганізаваны і праведзены раённы конкурс эскізных праектаў«З памяццю ў сэрцы» па стварэнні макета памятнага знака. Вырашаны разнастайныя арганізацыйныя моманты, зямельныя пытанні. Ініцыятыва па стварэнні памятнага знака спаленым у час Вялікай Айчыннай вайны вёскам Ляхавіцкага раёна стала пераможцам праектаў грамадзянскіх ініцыятыў на тэрыторыі Брэсцкай вобласці і атрымала фінансаванне на рэалізацыю часткі праекта.
Штогод 22 сакавіка ў Беларусі ўшаноўваецца памяць пра загінулых у агні Вялікай Айчыннай вайны мірных жыхароў. І сёлета ў гэту дату ў 12 гадзін па ўсёй Беларусі кожны жадаючы зможа далучыцца да рэспубліканскай акцыі – хвілінай маўчання ўшанаваць памяць ахвяр трагедыі ў Хатыні, усіх забітых і закатаваных, спаленых і расстраляных у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Галіна КАНЬКО.
Ігар ПАЛЫКА, пракурор Ляхавіцкага раёна:
– Справа аб генацыдзе беларускага народа – гэта аднаўленне і захаванне гістарычнай справядлівасці. Мы, беларусы, не маем права не ведаць і забыць пра масавыя знішчэнні людзей у гады Другой сусветнай вайны. Кожны беларус абавязаны пабываць у Хатыні, каб убачыць, адчуць трагічны лёс мільёнаў мірных людзей – ахвяраў фашызму. Кожны сантыметр мемарыяльнага комплексу – напамін пра вогненны сакавік 1943 года. А за кожным фотаздымкам у музеі – страшныя злачынствы, учыненыя фашыстамі і іх прыспешнікамі. Нашы дзеці, унукі, праўнукі павінны перадаць наступным пакаленням не толькі расказы пра герояў Вялікай Айчыннай, пра тых, хто здабыў Вялікую Перамогу, але і пра тое, якія нечалавечыя выпрабаванні выпалі на долю мірнага насельніцтва, што засталося на акупаванай тэрыторыі.
У Ляхавіцкім раёне, як і па ўсёй Беларусі, праводзіцца значная работа па выхаванні патрыятызму, грамадзянскасці. І сённяшнія пакаленні беражліва шануюць памяць пра Вялікую Айчынную вайну. Гэта – наш абавязак, каб ніколі больш вайна не прыйшла на беларускую зямлю. Вынікам фашысцкай акупацыі Ляхавіччыны сталі тысячы забітых і закатаваных мірных жыхароў, 48 вёсак і хутароў былі спалены. Больш як за тры гады, што ідзе расследаванне крымінальнай справы пра генацыд беларускага народа, на тэрыторыі нашага раёна выяўлены шэраг раней невядомых фактаў генацыду. Дапытаны не адзін дзясятак сведкаў і пацярпелых, праведзена каля сотні аглядаў месцаў здарэнняў: населеных пунктаў, месцаў прымусовага ўтрымання грамадзян, месцаў пахавання. Супрацоўнікі пракуратуры часта наведваюць школы, каледж, дзе расказваюць, як праходзіць расследаванне справы пра генацыд беларускага народа, пра новыя факты. Адзначу зацікаўленасць, з якой і падлеткі, і моладзь, і дарослыя ўспрымаюць гэтую інфармацыю.