Туберкулёз: небяспечна, але вылечна. Эпідэміялагічная сітуацыя па туберкулёзе ў Ляхавіцкім раёне застаецца напружанай
Эпідэміялагічная сітуацыя па туберкулёзе ў Ляхавіцкім раёне застаецца напружанай. Захворванне туберкулёзам за 2024 год склала 13,6 на 100 тысяч насельніцтва (у 2023 годзе – 44,7 на 10,5 на 100 тысяч насельніцтва. У 2024 годзе ў раёне выяўлена тры новыя выпадкі туберкулёзу.
Сярод упершыню выяўленых хворых большасць – асобы працаздольнага ўзросту. Захворванне туберкулёзам мужчын вышэй, чым жанчын. Захворванне сельскага насель-ніцтва перавышае захворванне гарадскога і складае 25,8 на 100 тысяч сельскага насельніцтва. Усе выпадкі туберкулёзу выяўлены пры прафілактычных аглядах.
Асноўная крыніца інфекцыі – хворыя туберкулёзам лёгкіх людзі і жывёлы, якія кашляюць. Пры кашлі кропелькі з туберкулёзнымі бактэрыямі распырскваюцца на адлегласць на 1–1,5 метра ад хворага. Затым яны высыхаюць і ператвараюцца ў пылавыя часцінкі, якія ў паветры памяшкання могуць захоўвацца вельмі доўга. На прадметах хатняй абстаноўкі мікробы выжываюць да некалькіх месяцаў, у сырым малацэ – да двух тыдняў.
Ва ўзнікненні захворвання ў заражанага чалавека вялікую ролю адыгрывае стан ахоўных сіл арганізма. А на яго, у сваю чаргу, аказвае ўплыў шэраг фактараў, такіх як якасць харчавання, ужыванне таксічных прадуктаў (курэнне тытуню, ужыванне алкаголю, лячэнне захворванняў гармонамі і іншымі прэпаратамі), стрэс. Асабліва схільны да туберкулёзу ВІЧ-інфіцыраваныя, хворыя цукровым дыябетам, хваробамі органаў дыхання, псіхічнымі захворваннямі, язвавай хваробай страўніка і дванаццаціперснай кішкі.
Туберкулёз лёгкіх нярэдка працякае без выразных сімптомаў, так што хворы сам не заўважае змяненне стану свайго здароўя. Пры выразных формах працэсу адзначаюцца бледнасць скуры, гарачкавы румянец на твары і спецыфічны бляск у вачах з-за павышанай тэмпературы. Хворы рэзка траціць у вазе (5–10 і больш кілаграмаў), скардзіцца на слабасць, разбітасць, павышаную стамляльнасць, зніжэнне працаздольнасці, адсутнасць апетыту, патлівасць. Найбольш частай прыкметай з’яўляецца кашаль з выдзяленнем макроты, можа быць з прымессю крыві, пры далёка зайшоўшым туберкулёзе можа з’явіцца задышка.
Самым надзейным пацвярджэннем дыягназу туберкулёзу з’яўляецца бактэрыялагічнае абследаванне. Асноўны матэрыял для даследавання – макрота. А рэнтгеналагічнае даследаванне органаў грудной клеткі – адзіны метад, што дазваляе выявіць, аб’ектыўна зарэгістраваць і вывучыць пачатковыя туберкулёзныя змяненні ў лёгкіх, а затым прасачыць цячэнне захворвання ў працэсе лячэння. Асноўнымі відамі рэнтгенадыягностыкі з’яўляюцца рэнтгенаграфія і флюараграфія.
Выкананне асноўных прынцыпаў лячэння туберкулёзу амаль заўсёды прыводзіць да поўнага выздараўлення, якое назіраецца ў сярэднім праз адзін-два гады пасля пачатку хіміятэрапіі. Пры адсутнасці лячэння за пяць гадоў гінуць 50 працэнтаў хворых.
Помніце: ніхто на сто працэнтаў не абаронены ад заражэння туберкулёзам. Не падвяргайце сябе і блізкіх небяспецы, рэгулярна абследуйцеся самі, настойвайце, каб гэта рабілі вашы блізкія.
Таццяна МАЛЯР, урач-фтызіятр УАЗ «Брэсцкі абласны супрацьтуберкулёзны дыспансер».