Крэатыўна пра прафесіі. У Ляхавіцкім аграрным каледжы прайшоў дзень адчыненых дзвярэй
Калі б сама была цяпер старшакласніцай, то, напэўна, пасля такой экскурсіі выбрала б прафесію ветурача. Такое меркаванне выказала адна з педагогаў, якая разам з навучэнцамі завітала на дзень адчыненых дзвярэй у Ляхавіцкі аграрны каледж.

На традыцыйнае прафарыентацыйнае мерапрыемства ў мінулую суботу ўстанова запрасіла больш за 250 навучэнцаў 9–11-х класаў гарадскіх і сельскіх школ раёна. Акрамя таго, удзел у мерапрыемстве ўзялі старшакласнікі і іх бацькі з Клецкага, Капыльскага, Івацэвіцкага, Баранавіцкага раёнаў, горада Баранавічы, якія зацікаўлены сельскагаспадарчымі спецыяльнасцямі.

ЛАК не перастае здзіўляць крэатыўнай формай падачы спецыяльнасцей, што можна атрымаць у навучальнай установе. Сапраўды, куды больш цікава і запамінальна на свае вочы ўбачыць, чым займаецца ветэрынарны фельчар, аграном ці заатэхнік. Напрыклад, стаць сведкай сапраўднай аперацыі жывёле. А яшчэ палюбавац-ца прыгожымі пакаёвымі раслінамі і даведацца, як пра іх клапаціцца, каб яны сваёй квеценню радавалі круглы год. Пачаставацца духмяным мёдам… І гэта толькі частка таго, што ўбачылі, адчулі, паспрабавалі школьнікі ў каледжы. А яшчэ салодкі перапынак, ландшафтная майстэрня і нават медыцынскае абследаванне жывёлы. Самыя смелыя паспрабавалі, праўда, у суправаджэнні работніка каледжа, пакіраваць тэхнікай: трактарам, аўтамабілямі. Гэтаму таксама можна навучыцца ў агракаледжы. Дарэчы, як і ў вучэбнай частцы, так і ў плане арганізацыі вольнага часу ЛАКу ёсць чым пахваліцца. Шматлікія гурткі па інтарэсах, спартыўныя секцыі, аматарскія аб’яднанні прапануюць каляджанам нямала магчымасцяў для агульнага развіцця. Важкі аргумент на карысць навучання ў каледжы – месца для кожнага жадаючага навучэнца ў добраўпарадкаваным інтэрнаце.
Навучэнец 9 «В» класа СШ № 2 Данііл Маслоўскі расказаў, што яму асабліва спадабалася паездзіць на сельскагаспадарчай тэхніцы, а таксама дэгустацыя і частаванне чаем з пірагамі. А вось навучэнец Навасёлкаўскай СШ імя Г. Ф. Нагорнага Васілій Масцілоўскі прызнаўся, што пасля ўбачанага і пачутага на прэзентацыі вырашыў паступаць у ЛАК.

– Сталі традыцыйнымі такія сустрэчы з патэнцыяльнымі навучэнцамі нашага агракаледжа. Усведамляем, што ў многім ад якаснага правядзення прафарыентацыйнай работы залежыць і чарговы набор абітурыентаў. Імкнёмся ў самых разнастайных формах расказаць старшакласнікам пра спецыяльнасці, якія тут можна атрымаць, пра тое, чым жывуць каляджане, чым займаюцца ў вольны ад вучобы і практычных заняткаў час. Пазнаёмілі гасцей і з нашымі выпускнікамі, якія дасягнулі асаблівых поспехаў у кар’еры. Сярод колішніх выпускнікоў – кіраўнікі раёнаў, прадпрыемстваў і арганізацый. Таксама адказ-ваем на пытанні, паказваем і расказваем. Нашы выкладчыкі заўжды старанна рыхтуюцца да мерапрыемства, каб сапраўды заахвоціць хлопчыкаў і дзяўчынак на атрыманне аграрнай прафесіі. Школьнікі праяўляюць непадробны інтарэс. А тое, што сярод нашых навабранцаў з году ў год і выпускнікі школ Ляхавіччыны – пацвярджэнне неабходнасці правядзення такіх сустрэч, – расказвае пра плён мерапрыемства дырэктар ЛАКа Ірына Прыступа-Юнік.
Да прэзентацыі каледжа далучыліся і сельгаспрадпрыемствы, для якіх, у тым ліку, рыхтуе кадры ЛАК: СВК «Ляхавіцкі», ААТ «Нача» і «Жарабковічы».
Зацікаўленымі ў такой сустрэчы сталі Ляхавіцкі і Баранавіцкі лясгасы. З наступнага навучальнага года Ляхавіцкі аграрны каледж пачне рыхтаваць спецыялістаў для лясной галіны. А баранавіцкі парк жывёл «Дыпрыз» рэкламавалі колішнія выпускніцы аддзя-лення ветэрынарнай медыцыны агракаледжа.
Тое, што жыццё навучэнцаў ЛАКа насычанае і рознабаковае, пацвердзіла і канцэртная праграма, дзе кожны нумар раскрывае творчыя таленты тутэйшых юнакоў і дзяўчат. Змястоўнай стала і дыялогавая пляцоўка: школьнікі задавалі пытанні, а прадстаўнікі каледжа адказвалі на іх. Сустрэча запомнілася, спадабалася, і, хочацца спадзявацца, сярод тых, хто стаў яе ўдзельнікам, ёсць і будучыя каляджане. А сёння, 22 сакавіка, Ляхавіцкі аграрны каледж зноў запрашае на чарговы дзень адчыненых дзвярэй.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.