Да чыстых спраў гатовыя! З 24 сакавіка па 25 красавіка на Ляхавіччыне праходзіць месячнік па прыбіранні, добраўпарадкаванні і азеляненні
З 24 сакавіка па 25 красавіка на Ляхавіччыне праходзіць месячнік па прыбіранні, добраўпарадкаванні і азеляненні двароў, плошчаў, вуліц, сквераў, паркаў, зоны адпачынку і іншых аб’ектаў сацыяльна-бытавога і культурнага прызначэння. Але яшчэ задоўга да яго афіцыйнага аб’яўлення нямала калектываў прадпрыемстваў і арганізацый пачалі добраўпарадкаваць замацаваныя тэрыторыі.

Як толькі дазваляе надвор’е, неабыякавыя землякі выграбаюць мінулагодняе лісце, падмятаюць, чысцяць, адным словам, наводзяць парадак, каб было чыста і ўтульна і для ляхавічан, і для гасцей.
Нямала мерапрыемстваў запланавана ў Ляхавіцкім раёне непасрэдна на час месячніка. Як паказвае практыка мінулых гадоў, традыцыйна ў такім марафоне чыстых спраў актыўна ўдзельнічаюць землякі розных узростаў – ад дашкольнікаў да грамадзян пажылога ўзросту. Талакой наводзяць парадак прадстаўнікі ўстаноў, прадпрыемстваў, арганізацый рознай формы ўласнасці.
Рашэннем райвыканкама, якім аб’яўлены месячнік, прадпісана прыняць неабходныя меры па навядзенні парадку ў прамысловай зоне, гаражна-будаўнічых кааператывах. На парадку дня і рамонт вулічна-дарожнай сеткі, і іншых тэрыторый.
Істотны пералік работ па добраўпарадкаванні неабходна выканаць КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Рамонт і афарбоўка абсталявання дзіцячых гульнявых пляцовак, уладкаванне прыдамавых тэрыторый шматкватэрнікаў, ухіленне дарожнай ямачнасці – няпоўны пералік спраў, што ў зоне адказнасці камунальнай службы.
І калі ў панядзелак на гэтым тыдні дождж і моцны вецер перашкодзілі высаджванню працоўнага дэсанта для навядзення чысціні і парадку, то на мінулым тыдні землякі плённа папрацавалі па розных адрасах добраўпарад-кавання. Сакавіцка-красавіцкі месячнік чысціні толькі пачаўся. Давайце разам у Год добраўпарадкавання зробім кожны куточак ляхавіцкай зямлі па-гаспадарску прыбраным, чыстым, камфортным і прывабным.
Галіна КАНЬКО.