У лес – з саджанцамі. Ляхавіччына далучылася да рэспубліканскай добраахвотнай акцыі «Дай лесу новае жыццё!»
Сімвалічна, што сёлета старт акцыі супаў са святкаваннем Міжнароднага дня лясоў. Асаблівае значэнне зялёнаму марафону надае і тое, што ён адбываецца напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі і праходзіць у Год добраўпарадкавання.

У мінулую пятніцу работа кіпела на тэрыторыі Востраўскага і Крывошынскага лясніцтваў.
Недалёка ад аздараўленчага лагера «Чайка» разам з працаўнікамі Крывошынскага лясніцтва і Ляхавіцкага лясгаса шчыравалі і работнікі райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Добрае надвор’е і жаданне зрабіць родны край больш зялёным дапамаглі высадзіць 12 тысяч сеянцаў сасны і бярозы
не толькі на запланаванай плошчы 1,8 гектара, але і яшчэ на невялікай дзялянцы. Намеснік кіраўніка лясгаса Наталля Адаменка падкрэслівае, што на пасадцы шчыравалі нават сем’ямі.
Інструктаж, інструмент, пасадачны матэрыял і ўменне працаваць у камандзе – сродкі актыўнасці востраўскіх школьнікаў, якія
не першы раз дапамагаюць мясцоваму лясгасу высаджваць сеянцы. Вынік навучэнцаў, якія шчыравалі разам са сваімі настаўнікамі і дырэктарам школы Віктарам Буцько пад кіраўніцтвам ляснічага Востраўскага лясніцтва Кацярыны Бародзіч і па сумяшчальніцтве куратара школьнага лясніцтва, – 1 300 высаджаных маладзенькіх бярозак.
Наталля Адаменка расказвае, што жаданне дапамагчы ў лесааднаўленні ўжо выказалі падапечныя Крывошынскага сацыяльнага пансіяната «Рэпіхава», супрацоўнікі РАНС і ДРБУ-200, прафсаюзныя арганізацыі работнікаў АПК і работнікаў адукацыі і навукі, раённай арганізацыі «Белая Русь», БРСМ і іншыя.
Для таго, каб стаць удзельнікам акцыі, якая прадоўжыцца да 12 красавіка, дастаткова звязацца з лясгасам, а лесаводы, у сваю чаргу, забяспечаць і саджанцамі, і інвентаром.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
