Грамы, кілаграмы, тоны. Вытворчасць малака ў сельгаспрадпрыемствах Ляхавіцкага раёна вырасла больш як на 15 працэнтаў

За два першыя месяцы года вытворчасць малака ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна ў параўнанні з леташнім лютым вырасла больш як на 15 працэнтаў.

І падобная дынаміка трымаецца ўжо год ці больш. Стабілізавалася па часе і абяцае мець вытворчы працяг. Згодна з лічбавай інфармацыяй упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама аб рабоце жывёлагадоўлі за першыя два месяцы года, усе ключавыя паказчыкі лютага перавысілі аналагічныя леташнія. Акрамя малочнага вала жывёлаводы Ляхавіччыны паднялі сярэдні ўдой на карову на 83 кілаграмы, паказчык якасці рэалізаванага малака – на чатыры працэнтныя пункты, сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы на вырошчванні і адкорме – на 54 грамы.
Пры гэтым многагадовым лідарам раённай жывёлагадоўлі застаецца СВК «Ляхавіцкі», які, нягледзячы на і без таго высокія базавыя вытворчыя ўзроўні, знаходзіць для сябе кропкі росту. Напрыклад, калі за 2024 год сярэдні ўдой ад кожнай каровы гаспадаркі склаў больш за 9,2 тысячы кілаграмаў, то па выніках лютага
2025 года атрымліваецца апярэджваць і гэты графік. І так па ўсіх асноўных аспектах вытворчай дзейнасці.
Здаецца, усё больш актыўна разганяецца жывёлагадоўля ААТ «Шлях новы». Вал малака, сярэдні ўдой ад каровы, прадукцыя вырошчвання, а, напрыклад, прывагі буйной рагатай жывёлы на вырошчванні і адкорме за апошні зімовы месяц гэтага года павялічыліся на значныя 120 грамаў і перавысілі ўжо аналагічную лічбу калег і суседзяў з ААТ «Жарабковічы». Праўда, 81 працэнт рэалізацыі малака высокімі гатункамі, думаецца, не адпавядае жаданням кіраўніцтва і жывёлаводаў сельгаспрадпрыемства. Нягледзячы на тое, што адно толькі ў мінулым лютым быў зроблены амаль 12-працэнтны рывок у напрамку павышэння рэалізацыйнай гатунковасці малака ААТ «Шлях новы».
Адрас яшчэ аднаго «акна» ўвагі ў статыстыцы райсельгасхарчу па выніках работы жывёлагадоўлі Ляхавіччыны ў апошнім месяцы мінулай зімы – СУП «Белазем’е». Прадпрыемства
не паказвае сябе ў плане высокай долі рэалізацыі малака гатункамі экстра і вышэйшым. Больш таго, гэта вытворчая характарыстыка ў мінулым лютым нямала зменшылася ў параўнанні з леташняй. Аднак на тым адрэзку часу «Белазем’е» прырасло ў валавой вытворчасці малака – на амаль 40 працэнтных пунктаў адносна леташняга, ва ўдойнасці сярэдняй каровы – больш як на 260 кілаграмаў, вырошчванні буйной рагатай жывёлы – на 27 працэнтаў у параўнанні з леташнім. Але асабліва заўважны скачок зафіксаваны ў лічбе сярэднясутачных прываг на вырошчванні і адкорме жывёлы. Па завяршэнні зімы яны ў сярэднім узраслі на 220 грамаў. Дасягнулі 706 грамаў на галаву ў суткі, перавысілі лютаўскі сярэднераённы ўзровень і выйшлі на другое месца сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна. Па гэтым паказчыку вышэй «Белазем’я» знаходзіцца толькі «Ляхавіцкі», дзе лютаўская сутачная прывага БРЖ складае 834 грамы.
Сярод кропак росту дырэктар СУП «Белазем’е» Максім Пузевіч адзначыў больш прадукцыйную работу сваіх жывёлаводаў-даглядчыкаў, факт не самай суровай сёлета зімы. Нагадаў пра кармы, рамонтна-будаўнічыя работы і асобныя іншыя вытворча-гаспадарчыя моманты.
– У 2024 годзе на ферме «Падбарочча» адкрылі памяшканне для ўтрымання маладняку буйной рагатай жывёлы ўзростам да двух месяцаў. Быў рэканструяваны цялятнік па вырошчванні для жывёлы ад двух да шасці месяцаў. У Малым Гарадзішчы працягваецца рэканструкцыя старых жывёлагадоўчых памяшканняў для адкорму маладняку буйной рагатай жывёлы. Новыя ўмовы ўтрымання, іншы мікраклімат, збалансаванасць рацыёнаў, належнае стаўленне работнікаў да сваіх абавязкаў з’яўляюцца неабходнай асновай. Дадаткова скажу пра кармы. Падчас корманарыхтоўчых клопатаў 2024 года ўпор рабілі на якасці канчатковага прадукту, на закладку сенажу з бабова-злакавых сумесяў траў. Кармоў было нарыхтавана ў аб’ёме паўтарагадовай патрэбнасці. Але, лічу, хваліцца пакуль няма чым. Іншая справа, калі выйдзем на кілаграмовыя прывагі, захаваем дынаміку на ўвесь 2025 год, падымемся па надоях, – завяршыў Максім Пузевіч.
Іван КАВАЛЕНКА.