Лясам расці ў мірнай краіне! З кожным днём на Ляхавіччыне павялічваецца плошча з маладым, толькі высаджаным, лесам

Як палепшыць стан навакольнага асяроддзя і адзначыцца добрымі справамі? Далучыцца да рэспубліканскай добраахвотнай акцыі «Дай лесу новае жыццё!». Кожны высаджаны сеянец – уклад у аднаўленне лясоў і добраўпарадкаванне роднага краю.

З кожным днём павялічваецца плошча з маладым, толькі высаджаным, лесам. Нераўнадушныя землякі з задавальненнем аказваюць дапамогу лесаводам, і талакой справа ладзіцца!
27 сакавіка чарговы дэсант добраахвотнікаў высадзіўся ў лясным масіве каля вёскі Пашкоўцы – на тэрыторыі Ляхавіцкага лясніцтва. Разам з лесаводамі елку еўрапейскую садзілі прадстаўнікі раённага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, між-
раённага аддзела Брэсцкага абласнога ўпраўлення дэпар-
тамента дзяржаўнай інспекцыі працы, спецыялісты і наведваль-
нікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Вынік зладжанай працы – на плошчы два гектары пачалі новае жыццё восем тысяч сеянцаў елкі.
Загадчык аддзялення Ляхавіцкага ТЦСАН Святлана Яраш дзеліцца, што наведвальнікі аддзялення прымаюць удзел ва ўсіх рэспубліканскіх акцыях і праектах. Актыўнай жыццёвай пазіцыяй яны дэманструюць сваю любоў да Бацькаўшчыны, жаданне заставацца ў страі і сваім прыкладам даказваюць, што можна прыносіць карысць роднаму краю і ў паважаным узросце.
– Канешне, шчыравалі і на гэты раз. А ў лесе на свежым паветры і працуецца добра. Зялёныя сеянцы садзілі з задавальненнем і шчырым жаданнем. Няхай расце лес для будучых пакаленняў, – адзначае Святлана Яраш.
Намеснік кіраўніка Ляхавіцкага лясгаса Наталля Адаменка
не хавае гонару за землякоў, якія далучыліся да акцыі «Дай лесу новае жыццё!».
Па стане на 28 сакавіка плошча з высаджанымі сеянцамі перавысіла 42 гектары.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.