Небяспечны ход агнём. Вясновыя выпальванні сухой расліннасці прынеслі нямала шкоды і ў Ляхавіцкім раёне

У садовым таварыстве «Мара» з-за ўзгарання сухой расліннасці агонь пашкодзіў дзве гаспадарчыя пабудовы, існавала пагроза ўзгарання суседніх пабудоў. А днямі раней у Старых Будах пажар знішчыў чатыры гаспадарчыя пабудовы.


Дажджлівае надвор’е на нейкі час дало перапынак выратавальнікам, якім даводзілася па некалькі разоў на дзень выязджаць на тушэнне пажараў у экасістэмах. А вясна толькі пачалася, ды і не ўсе яшчэ гаспадары прыступілі да навядзення чысціні. А што будзе, калі зноў прыгрэе сонца? Чамусьці людзі часцяком перакананы, што з імі нічога не можа здарыцца. Грэбаванне правіламі пажарнай бяспекі абарочваецца смяротным здарэннем, стратай маёмасці…
У раёне па стане на 27 сакавіка зарэгістравана 47 за-гаранняў у прыродных экасістэмах на плошчы больш за сем гектараў. Летась за аналагічны перыяд зафіксавана дзевяць вогненных здарэнняў, і пашкоджаная агнём тэрыторыя была ўтрая меншая. Пажарную статыстыку сярод сельсаветаў «узначальвае» Крывошынскі, дзе па стане на 27 сакавіка зарэгістравана дзевяць загаранняў у экасістэмах. У Востраўскім сельсавеце адбылося сем такіх здарэнняў, у Альхоўскім – шэсць.
Пра маштаб сёлетняй праблемы з выпальваннем сухой расліннасці сведчыць і такі факт: з 25 лютага па 27 сакавіка на Ляхавіччыне зарэгістравана шэсць пажараў, прычынай якіх стала неасцярожнае абыходжанне з агнём пры спальванні смецця або сухой расліннасці. Пра гэта расказаў начальнік РАНС Юрый Буйкевіч на апаратнай нарадзе ў райвыканкаме, дзе разглядалі абстаноўку, якая складваецца, і прымаемыя ў раёне меры па папярэджанні пажараў у экасістэмах.
Дзеля стабілізацыі сітуацыі робіцца многае. Выратавальнікі вядуць растлумачальную дзейнасць, выступаюць у калектывах, праводзяць прафілактычныя рэйды. Але як пераканаць дарослага чалавека, што не трэба спадзявацца на ўдачу, што травяныя выпальванні вельмі небяспечныя?! Пры ветраным надвор’і агонь становіцца некантралюемым і можа выпаліць не адзін дом – вёску. І тады маёмасць становіцца попелам. Травяныя выпальванні выклікаюць моцнае задымленне і, як і лясныя пажары, небяспечныя для здароўя людзей. Непатушаны недакурак, падпаленая запалка, вогнішча ў сухой траве, сельскагаспадарчыя выпальванні ператвараюцца ў зброю масавага паражэння.
У адпаведнасці з артыкулам 16.40 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, травы на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў на полі ці непрыняцце мер па ліквідацыі выпальванняў вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ад 10 да 30 базавых велічынь. Парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі на прысядзібным участку цягне штраф у памеры да 5 БВ.
Выратавальнікі прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці восем чалавек за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры спальванні сухой расліннасці і смецця.
Зразумела, што парадак пачынаецца з чысціні ў доме, на падворку, вуліцы, дзе жывём. Але чысціня не павінна быць небяспечнай.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.