Вясна ідзе ў наступ. У Ляхавіцкім раёна працягваецца пасяўная кампанія

Сёлета дэбютны месяц каляндарнай вясны «ўключыўся» імкліва, за кароткія дні выйшаў на дастаткова цёплы, упаўне сабе прымальны пасяўны рэжым. Ды так, што сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна з пераважна лёгкімі зямельнымі ўгоддзямі нават паспелі адзначыцца на яравой сяўбе.

Галоўны аграном Кірыл Бясшапашнікаў (у цэнтры), вадзіцель Анатолій Пажога і механізатар Валерый Кісялевіч.

Пашырыць плошчы першачаргова зробленага не дазволіў начны мінус. Апошні паставіў і сяўбу, і веснавыя палявыя клопаты на некалькі дзён на паўзу. Затым пацяпленне, крыху жаданага дажджу – і пасяўная кампанія ў раёне аднавілася. Больш таго, загучала больш моцна, шырока і ў дыяпазоне фактычна ўсіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

Механізатар Аляксандр Пронька.


У гэтым годзе на Ляхавіччыне запланавана адсеяцца раннімі збожжавымі і зернебабовымі на плошчы, блізкай да 3,8 тысячы гектараў. У ААТ «Жарабковічы» ранні пасяўны клін з’яўляецца самым істотным, складае ледзь ці не тысячу гектараў. У той час як ЗАТ «Белпрампрыбор» са сваімі дзвюма сотнямі адзінак плошчы знаходзіцца на супрацьлеглым баку гэтага рэйтынгу. Дарэчы, закрытае акцыянернае таварыства з задачай сяўбы ранніх ужо завяршыла.
У ААТ «Шлях новы» свой вясновы пасяўны шлях. Раннім збожжавым і не толькі сельгаскультурам у ім адведзена 530 гектараў: авёс, ячмень, зернебабовая сумесь з наступнай уборкай на насенне, для фуражных мэт і іншае. Завяршыць работы на раннім этапе кампаніі працаўнікі таварыства мяркуюць ужо на бягучым тыдні. Вядомая справа, калі ўсё пройдзе штатна.
– У аграрнай справе своечасовасць на ўсіх этапах і ступенях вытворчасці з’яўляецца ключавым фактарам. Упушчаны дзень часта выражаецца цэнтнерамі ўпушчанай выгады. У гэтым яравым сезоне асабліва важна было паспець за вільгаццю. Мала ў прынцыпе, з кожным днём, градусам цяпла і ветрам яе ў глебе становіцца ўсё менш. Пасля нядаўняга дожджыку кароткі тэрмін яна яшчэ будзе прысутнічаць. Гэты тэрмін і з’яўляецца нашым, –
падзяліўся разважаннямі галоўны аграном ААТ «Шлях новы» Кірыл Бясшапашнікаў. Размова са спецыялістам адбылася непадалёку Лабузоў і Федзюкоў, на ўскрайку поля, якое стала для гаспадаркі чарговым раннім яравым. Спачатку было пару дзясяткаў гектараў аўса, значна большыя плошчы засеялі ячмянём. Гэты 40-гектарны клін таксама прызначаны для вырошчвання названага злака. Толькі – элітнай рэпрадукцыйнай катэгорыі. Мэтанакіравана, з далейшым выкарыстаннем сабранага ўраджаю на «племя» – насенныя мэты.
– Задачы ў напрамку абнаў-лення насеннага матэ-рыялу гаспадарка праводзіць рэгулярна. Аналізуем прымя-няльна да нашых глебаў, глядзім на лічбы ўраджайнасці, параўноўваем у залежнасці ад сезонаў, робім высновы, – тлумачыць галоўны аграном.
А тым часам азімую раллю «асвяжае» культыватар – падрыхтоўшчык глебы. Задача апошняга яшчэ і ў закрыцці вільгаці. За аперацыю адказны вопытны ў сваёй справе механі-затар Аляксандр Пронька.
З адставаннем на пару-тройку кругоў ад апошяга па полі рухаецца глебаапрацоўчая пасяўная машына з элітным ячменным насеннем. Сеяльшчыкам выступае Валерый Кісялевіч. Умелы, спрактыкаваны ў хлебаробскай справе, заўсёды адказны работнік.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.