«Мясная лаўка» ў Ляхавічах зноў запрашае

На прамой тэлефоннай лініі, якую ў мінулым годзе «ЛВ» праводзіў са старшынёй праўлення Ляхавіцкага райпо Васіліем Некрашэвічам, адно з пытанняў, узнятых жыхарамі раёна, тычылася аднаўлення работы магазіна «Мясная лаўка» ў райцэнтры. Тады кіраўнік райпо паабяцаў, што гандлёвая кропка абавязкова будзе працаваць. Захаваецца і напрамак продажу – мясная свежая, гатовая прадукцыя, паўфабрыкаты, а таксама спадарожныя тавары.


Нядаўна магазін райпо пасля перапынку зноў гасцінна расчыніў дзверы для пакупнікоў па ранейшым адрасе: горад Ляхавічы, вуліца Леніна, 26. Карэспандэнты «ЛВ» далучыліся да землякоў і зазірнулі ў
«Мясную лаўку».

Першае ўражанне ад гандлёвай кропкі – зручна, камфортна, кампактна і эстэтычна. Нават прадугледжана, чым заняць пакупніка, пакуль ён стаіць у чарзе: у рэжыме ілюстра-цыі можна даведацца, як правільна выбраць мясную прадукцыю.
Асартымент тавару даволі разнастайны, кожная пазіцыя мае сваё адведзенае месца. Вялікі выбар свежага мяса, паўфабрыкатаў, замарожанай мясной прадукцыі, каўбасных вырабаў. Таксама ў продажы мясныя і агароднінныя кансервы, прыправы, соусы, бакалея, напіткі, спадарожныя тавары.
– Хоць «Мясная лаўка» і працуе зусім нядаўна, пастаянных пакупнікоў становіцца ўсё больш. Маніторым попыт і стараемся яго задаволіць. Амаль штодзённа абнаўляем асартымент. Калі гаварыць пра сырую мясную прадукцыю, то яе асноўны пастаўшчык – Ляхавіцкі кааппрам, паўфабрыкаты – вырабу рэстарана «Ластаўка». Каб яшчэ больш зацікавіць пакупнікоў, спрабуем разнастайныя маркетынгавыя хады.
У прыватнасці, можна зрабіць папярэднюю заяўку на той ці іншы тавар. Ужо нямала пакупнікоў, якія карыстаюцца такой прапановай. Плануем па пятніцах праводзіць дэгустацыю прадукцыі, што рэалізуецца ў «Мясной лаўцы». Ёсць і іншыя задумкі, якія будзем рэалізоўваць, – расказвае старшыня праўлення райпо Васілій Некрашэвіч.
Прадавец магазіна Ніна Жук расказвае, што найбольш запатрабаваны ў пакупнікоў сырая мясная прадукцыя, а таксама паўфабрыкаты.
Пакуль «Мясная лаўка» працуе па наступным графіку: панядзелак, серада, пятніца – з 10 да 18 гадзін (перапынак на абед з 14 да 15 гадзін), субота і нядзеля – з 9 да 15 гадзін.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

