Гаспадарскім адносінам да зямлі ў Беларусі вучаць з дзяцінства. Гэта як неад’емная частка беларускага культурнага кода

Юрый ЧАРАНКЕВІЧ, старшыня Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў:
– Гаспадарскім адносінам да зямлі ў Беларусі вучаць
з дзяцінства. Гэта як неад’емная частка беларускага культурнага кода – жыць у прыгажосці, трымаць у парадку месца, якое стала домам. Ляхавіччына – прыгожы і гасцінны край. Колькі добрых спраў
на рахунку землякоў у Год якасці. У Год добраўпарадкавання
мы талакой можам і павінны зрабіць наш райцэнтр, аграгарадкі і вёскі яшчэ больш чыстымі, утульнымі, камфортнымі для людзей. І работа ўжо кіпіць. Сёлета асаблівая ўвага будзе надавацца аднаўленню вулічна-дарожнай сеткі і яе аб’ектаў. Пэўныя крокі зроблены. Абнаўляюцца прыпынкі, рамантуюцца вуліцы ў населеных пунктах і вясковыя дарогі. Гэта пытанні не толькі зручнасці і камфорту, а і бяспекі.
Усё большую актыўнасць набіраюць грамадзянскія ініцыятывы. Калі дэпутацкі корпус, гараджане і вяскоўцы, асабліва моладзь, самі прапануюць ідэі па добраўпарадкаванні, удасканаленні, гэта асабліва каштоўна. Сталі традыцыйнымі штотыднёвыя чыстыя чацвяргі, падчас якіх упарадкуецца не толькі тэрыторыя ўстаноў і арганізацый, але і месцы агульнага карыстання – зона адпачынку, паркі і скверы. У год 80-годдзя Вялікай Перамогі асаблівая ўвага ў плане добраўпарадкавання – брацкім магілам, пахаванням
часоў Вялікай Айчыннай вайны. Гэта абавязак удзячных нашчадкаў.

Добраўпарадкаванне – гэта і выхаваўчы момант. Дзеці і моладзь, якія наводзяць парадак каля сваіх навучальных устаноў, высаджваюць дрэвы, прымаюць удзел у экалагічных акцыях, будуць ведаць цану зробленаму ўласнымі рукамі. Упэўнены, падлетак, які пасадзіў дрэва ці змайстраваў шпакоўню, ніколі не будзе смеціць ці наносіць шкоду прыродзе.

У Год добраўпарадкавання неабходна, каб як мага больш грамадзян, працоўных калектываў удзельнічалі ў сумесных акцыях і праектах па добраўпарадкаванні.
Такі ўдзел – уклад кожнага ў справу агульнай важнасці.