За два месяцы да старту. У Ляхавіцкім раёне падрыхтоўка да летняй аздараўленчай кампаніі ў самым разгары

●Апошняя чвэрць навучальнага года толькі пачалася, а падрыхтоўка да летняй аздараўленчай кампаніі ў самым разгары
Як адзначыла начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік, падрыхтоўчыя работы да аздараўленчага сезона – 2025
стартавалі, як толькі закончыўся сезон 2024 года. Для выхаваўча-аздараўленчага лагера «Чайка» летась набыты будаўнічыя матэрыялы для рамонту трох карпусоў, заменены шэсць аконных блокаў, праведзены бягучы рамонт санвузла і бытавога будынка, набыта 20 ложкаў з матрасамі і вагавае абсталяванне. Агульная сума затрат – 20 820 рублёў, выдаткаваных з бюджэту.
Ляхавіцкі лясгас абследаваў лесапасадкі і выявіў аварыйныя дрэвы на тэрыторыі летніка. Да 1 мая пры дапамозе камунгаса аварыйныя дрэвы павінны быць выдалены. Шэраг рамонтна-касметычных работ праводзіцца сёлета. Пільная ўвага звернута на добраўпарадкаванне тэрыторыі лагера. Напрыканцы сакавіка тут правялі акцыю па навядзенні парадку старшыні і члены прафсаюзных пярвічак устаноў адукацыі. У красавіку гэта работа традыцыйна актывізуецца.
Канешне, у цэнтры ўвагі і бяспека дзяцей. Добраўпарадкуецца пляж лагера да купальнага сезона, абнаўляецца наглядны матэрыял на стэндах Асвода, абследуецца і ачышчаецца дно акваторыі.
На парадку дня і іншыя работы, якія павінны быць завершаны да 15 мая. Як адзначылі ў РАНС, па новых правілах неабходна, каб за пяць дзён да пачатку першай змены ў поўнай гатоўнасці і спраўнасці была пажарная сігналізацыя (раней – за адзін дзень). Для рэалізацыі запланаваных мерапрыемстваў дадаткова пераразмеркавана 13 тысяч бюджэтных рублёў.
Акрамя таго, аддзел па адукацыі звярнуўся за спонсарскай дапамогай для падрыхтоўкі да сёлетняга летняга аздараўленчага перыяду ў 13 прадпрыемстваў і арганізацый. Ужо адгукнуліся ААТ «Жарабковічы»,
ЗАТ «Белпрампрыбор», фермерская гаспадарка «Уладзімір плюс», якія выдаткавалі пэўныя сумы грошай.
Як заўжды, мэтанакіраваная работа вядзецца па падрыхтоўцы кадраў для «Чайкі».
– Летняя аздараўленчая кампанія – 2025 праводзіцца па абноўленым заканадаўстве. Працягласць змены ў аздараўленчых лагерах з дзённым і кругласутачным знаходжаннем цяпер будзе 15 дзён замест 18. Прымаецца заключэнне аб гатоўнасці (да 21 мая) толькі летніка «Чайка». Што тычыцца дзённых лагераў на базе школ, то тут дастаткова пашпарта гатоўнасці ўстановы адукацыі да 2024/2025 навучальнага года. У летніках рознага тыпу плануецца азда-
равіць 935 дзяцей (у мінулым сезоне – 917), 340 з якіх будуць адпачываць і набірацца сіл у 13 школьных летніках у чэрвені і ліпені.
20 падлеткаў гатовыя прыняць лагеры працы і адпачынку, а працаваць рабяты будуць па заданні КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Што тычыцца любімай многімі дзецьмі «Чайкі», то на пяці зменах там запланаваны адпачынак 420 хлопчыкаў і дзяўчынак, – патлумачыла Марыя Саракавік.
З 2 па 18 чэрвеня і з 4 па 20 жніўня 155 выхаванцаў чакае не толькі вучэбна-трэніровачная, але і культурна-забаўляльная праграма ў спартыўна-аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем на базе ДЮСШ.
Галіна КАНЬКО.