Вось дык гусь. У Ляхавічах на Ведзьме пасялілася гусь-гуменніца /фота/
Гэта стала ўжо ўмоўным рэфлексам – вольна або нявольна, часам, мэтанакіравана а то і аўтаматычна звяртаць увагу на птушак. Адзначаць пра сябе асаблівасці паводзін прадстаўнікоў асобных іх відаў і падвідаў, заўважаць незвычайнае ў звычайным, рабіць для сябе нейкія высновы. У адзін з кастрычніцкіх дзён на падыходзе да моста праз Ведзьму ў Ляхавічах звярнуў увагу на чужую для беларускіх прастораў птушку. Пры блізкім і ўважлівым разглядзе стала зразумела – гэта гусь-гуменніца ўласнай персонай. Знаходзілася метрах у пяці ад берага, засяроджана пашчыпвала яшчэ зялёную траўку і не праяўляла ніякага хвалявання.
Роднымі для гусей гэтага віду з’яўляецца тайга, а таксама травяністая або кусцікавая тундра паблізу вадаёмаў. Зімоўку гуменнікі праводзяць на заходніх і паўднёвых узбярэжжах Скандынавіі, Брытанскіх і Канарскіх астравоў, у шэрагу еўрапейскіх міжземнаморскіх краін, у Францыі, на Балканах, Чорным моры, паўднёва-ўсходняй Азіі ўключна з Японіяй. У нашу краіну птушкі залятаюць падчас транзітных міграцый. Робяць кароткія прыпынкі: адпачыць на доўгім пералётным шляху, падсілкавацца. Як правіла, вялікай – да сотні і больш асобін – чарадой прызямляюцца на роўных, вялікіх, пакрытых зялёнай расліннасцю ўчастках. Вельмі асцярожныя: наблізіцца да чарады гусей бліжэй, чым на сотні дзве метраў, з’яўляецца нерэальнай справай. “Наша” гуменніца падпусціла да сябе метраў на пяць, калі не бліжэй. Дазволіла сябе ў падрабязнасцях разгледзець, паназіраць за паводзінамі, сфатаграфаваць. Як птушка тут аказалася? Можна толькі рабіць здагадкі: магчыма, з-за стомленнасці адстала ад чарады, магчыма, хворая ці была паранена. Хоць, калі меркаваць па паводзінах, ні хворай, ні параненай гусь-гуменніца не выглядала.
Мікалай КУЗЬМІЧ,
член ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.