Смачна есці, каляджане! Кіраўніцтву каледжа і Ляхавіцкаму райпо было даручана арганізаваць магчымасць атрымліваць паўнацэннае харчаванне для навучэнцаў ЛАКа
На старонках «ЛВ» на пачатку сакавіка была публікацыя
з апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама, дзе разглядалася пытанне аб арганізацыі гарачага харчавання ў Ляхавіцкім агракаледжы.
Кіраўніцтву каледжа і Ляхавіцкаму райпо было даручана
да 1 красавіка арганізаваць магчымасць атрымліваць паўнацэннае харчаванне для навучэнцаў ЛАКа.

Станоўчае вырашэнне пытання стала магчымым дзякуючы
ў тым ліку і раённай уладзе, якая трымала на пастаянным кантролі тэму, важнасць якой цяжка пераацаніць. Большасць навучэнцаў ЛАКа – іншагароднія і жывуць у мясцовым інтэрнаце. Немалая частка з іх –непаўналетнія. Гатаваць гарачыя стравы можа не кожны, харчовых запасаў, што прывозяць з дому, наўрад ці хопіць да наступнай паездкі. Таму пасля прапрацоўкі розных варыянтаў і прапаноў выйшлі менавіта на такі канчатковы варыянт – прымальную альтэрнатыву сталовай у навучальнай установе. Сутнасць у тым, што супрацоўнікі каледжа праводзяць
штодзённае апытанне сярод навучэнцаў наконт таго, хто жадае купіць гарачы комплексны абед. Даныя пра неабходную колькасць
абедаў перадаюцца ў райпо, адпаведны заказ адпраўляецца ў рэстаран «Ластаўка», дзе гатуюцца стравы і расклад
ваюцца ў спецыяльныя ланч-боксы, якія транспартам райпо прывозяць у каледж. У спецыяльна абсталяванай і адрамантаванай зале абеды прадаюцца. Тут жа можна з усімі зручнасцямі
паабедаць.
Правядзём «распакоўку» абеда першага дня. У меню – салат
«Вітамінны», суп з капусты і буракоў, смажаніна па-дамашняму, кісель, хлеб. Бясспрэчна, важны аспект – кошт абеду, трэба, каб ён быў прымальны для бюджэту навучэнца. Дык вось, цана аднаго абеду будзе пастаяннай – шэсць рублёў. Акрамя таго, можна будзе
за дадатковую плату купіць разнастайнае печыва вытворчасці мясцовага кааппрама.
На падносы раскладваюцца ланч-боксы, разлік на месцы, апетытны водар запаўняе памяшканне, гучыць «смачна есці!» ад дырэктара каледжа, і абед пачаўся. У першы дзень магчымасцю пакаштаваць комплексны абед з «Ластаўкі» скарысталіся каля
30 навучэнцаў ЛАКа.
Ірына ПРЫСТУПА-ЮНІК, дырэктар ЛАКа:
– Канешне, задаволены тым, як вырашылася надзённае пытанне. Удзячны раённай уладзе, якая дапамагла знайсці кансэнсус. Рады, што кіраўніцтва раённага спажывецкага таварыства пайшло нам насустрач. Змаглі дагаварыцца і па кошце абеду, і па дастаўцы. Галоўнае, усе жадаючыя могуць купіць абед. У раскладзе каледжа з 12 да 13 гадзін – перапынак на абед і для навучэнцаў, і для работнікаў. Так што часу паабедаць у пункце прыёму ежы ці ўзяць комплекс у інтэрнат дастаткова.
Васілій НЕКРАШЭВІЧ, старшыня праўлення райпо:
– Стараемся пастаянна пашыраць прапанову ад Ляхавіцкага райпо. Удзел у арганізацыі харчавання каляджан – адна з іх. Лічу, што сумесны праект сябе апраўдае і будзе запатрабаваным. Будзем удасканальваць і разнастаіць меню, пастараемся гатаваць так, каб навучэнцам падабалася
абедаць. У планах і пашырэнне асартыменту кандытарскіх і булачных вырабаў. Асаблівая ўвага – на якасць страў.
Калі колькасць жадаючых паабедаць узрасце, будзем толькі рады гэтаму.
Аляксандр ВЯРЭНІЧ, навучэнец другога курса:
– Цудоўная альтэрнатыва самастойнаму прыгатаванню.
Я вельмі люблю дамашнія стравы. Але рэстаранная прапанова
мне таксама зайшла. Калі коратка – апетытна, смачна, ды і кошт прымальны. Нялішнім будзе ўзяць і некалькі булачак да чаю.
Дзякуй усім, хто прыдумаў такое.
Ева БУТКО і Ганна ЗЯЛЁНКА, навучэнкі першага курса:
– Для нас, першакурснікаў, такі пункт харчавання вельмі неаб-
ходны. Мы, канешне, часта самі гатуем на кухні інтэрната, але
не заўсёды гэта атрымліваецца. Таму, калі даведаліся, што можна заказваць абеды з рэстарана, зацікавіліся і вырашылі
паспрабаваць. Так смачна і многа – ледзьве з усім справіліся! Вось яшчэ і па піцы ўзялі на вячэру. Дзякуй за такую магчымасць!
Лізавета СТАНКЕВІЧ, навучэнка трэцяга курса:
– Здорава, што ў каледжы з’явілася такая сталовая. Запісаўся –
і, калі ласка, прыходзь заўтра і купляй свой абед. Мне спадабалася. Стравы смачныя, усё эстэтычна ўпакавана. Можна паабедаць тут,а можна і занесці ў інтэрнат. Дамоў у Баранавічы езджу кожны тыдзень, адкуль прывожу і прадукты, потым з суседкамі па пакоі гатуем ежу. Але добра, што цяпер можна купіць гатовы абед.
Яраслаў КАРСЮК, навучэнец другога курса:
– Мая адзнака абеду – выдатна. Я з Клецкага раёна, жыву ў інтэрнаце. Умею гатаваць. Але ўсё ж за абедамі буду прыходзіць сюды, бо эканомлю час, а, галоўнае, спадабалася па смаку.
Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.