Тэхналогіі плюс інавацыі. Інавацыйныя тэхналогіі ў аграпрамысловым комплексе і харчовай прамысловасці важныя для развіцця рэгіёнаў, у тым ліку Ляхавіцкага раёна

Прэзідэнт падпісаў указ аб прыярытэтных напрамках навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці ў краіне на наступныя пяць гадоў – з 2026-га па 2030-ы.
Адным з напрамкаў вызначаны інавацыйныя тэхналогіі ў аграпрамысловым комплексе і харчовай прамысловасці.
Па выніках 2024 года ўдзельная вага інавацыйнай прадукцыі ў аб’ёме адгружанай прадукцыі прамысловымі прадпрыемствамі Ляхавіцкага раёна склала 6,7 працэнта, што нямала ў нашых маштабах. Але і рэзервы, безумоўна, ёсць. І іх неабходна задзейнічаць.

Новыя праекты – пункты росту, якія фарміруюць новыя сектары эканомікі, стымулююць вытворчасць новых відаў запатрабаванай канкурэнтаздольнай прадукцыі і паслуг.
Вытворчасцю інавацыйных відаў прадукцыі ў Ляхавіцкім раёне займаецца шэраг прадпрыемстваў, сярод лідараў – СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» і ААТ «Ляхавіцкі льнозавод». Гэта асноўныя прадпрыемствы, якія вырабляюць інавацыйную прадукцыю, і стаўка робіцца менавіта на іх.
Літаральна некалькі лічбаў, якія датычаць СААТ «Ляхавіцкі малочны завод». Гэта прадпрыемства дае без малога 80 працэнтаў інавацыйнай прадукцыі ў раённым аб’ёме. Па выніках 2024 года ўдзельная вага інавацыйнай прадукцыі ў аб’ёме адгружанай прадукцыі па прадпрыемстве склала 7,7 працэнта.
Плюс адзначаецца і з пачатку года. У лінейцы малочных навінак 11 найменняў прадукцыі: малако і кефір тлустасцю 3,5 працэнта, 15-працэнтны тварог, вяршкі пітныя пастэрызаваныя
тлустасцю 10 і 20 працэнтаў і г. д. Пакупнікі высока ацанілі дэсерты ад малочнага завода.
Штогод пашырае асартымент кансерваванай прадукцыі ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод». За некалькі гадоў асартымент тут папоўніўся на восем дзясяткаў найменняў.
У новым цэху ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» наладжаны выпуск катанізаванага валакна, якое выкарыстоўваецца ў вытворчасці нятканых матэрыялаў, медыцынскай і тэхнічнай ваты.
На ТАА «Фермент» наладжана вытворчасць высокаэфектыўных
дабавак да кармоў для сельскагаспадарчых жывёл і птушкі. Прадукцыяй са статусам «інавацыйная» могуць пахваліцца на ТАА «Юстапласт» і ў Ляхавіцкім райпо.
Новыя віды прадукцыі пры правільным маркетынгу садзейнічаюць павелічэнню вытворчасці і эканамічнаму плюсу. Але для гэтага неабходна пастаянна ўдасканальваць тэхналогіі, мадэрнізаваць вытворчасць, займацца распрацоўкай навінак, на што і накіраваны ляхавіцкія прадпрыемствы.

Людміла МАТЧЭНЯ,
намеснік старшыні райвыканкама.