Мір і адзінства – агульныя каштоўнасці. Дню яднання двух братэрскіх народаў Ляхавіччына прысвяціла аўтапрабег
Дню яднання двух братэрскіх народаў Ляхавіччына прысвяціла аўтапрабег «Дзве сястры: Беларусь і Расія». Урачыста, масава і са сцягамі дзвюх дзяржаў аўтакалона стартавала з нашага райцэнтра і накіравалася ў Клецк – марафон адзінства сёлета меў міжрэгіянальны статус.

Традыцыя разам з клятчанамі адзначаць дзяржаўнае свята адносна новая, але ўжо трывалая. Амаль тры дзясяткі кіламетраў аддзяляюць два райцэнтры адзін ад аднаго. Але іх жыхароў аб’ядноўвае жаданне жыць у міры і згодзе, прымнажаць традыцыі і працягваць
братэрскае сяброўства. Пра гэта на мітынгу ў Клецку гаварыў і старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Мікалай Мароз, які адзначыў, што адзінства славянскіх народаў – магутная сіла
і аснова будучыні. Будучым пакаленням мы павінны перадаць мір, дабрабыт і незалежнасць.

У аўтапрабегу «Дзве сястры: Беларусь і Расія» прынялі ўдзел кіраўніцтва двух раёнаў, ваеннаслужачыя, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх аб’яднанняў, сярод якіх і ганаровыя госці – рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Патрыёты Беларусі», юнаармейскі атрад імя героя Расіі Рамана Філіпава, іншыя.
Беларускі і расійскі народы заўсёды разам і ў горы, і ў радасці. Словы віншавання жыхарам Ляхавіччыны і Клеччыны разам з іншым
гасцямі адрасаваў і прадстаўнік Узброеных Сіл Расіі – воінскай часці 03522, якая дыслацыруецца на тэрыторыі Клецкага раёна.
Напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі, якую нашы народы здабывалі разам з іншымі, словы пра захаванне памяці, умацаванне сяброўства і супрацоўніцтва паміж краінамі і народамі гучалі як наказ падрастаючаму пакаленню на ўсіх прыпынках патрыятычнага марафону, дзе прайшлі мітынгі, – у Ляхавічах, Сіняўцы, Клецку. Ускладанне кветак да помнікаў і брацкіх магіл савецкіх воінаў і партызанаў, ушанаванне ахвяр і герояў Вялікай Айчыннай
вайны, хвіліны маўчання – даніна ўдзячнасці і памяці салдатам-
пераможцам – рускім, беларусам, прадстаўнікам іншых шматлікіх
нацыянальнасцей.
…У Ляхавічах аўтакалону з кветкамі і сцягамі сустракалі і віталі дарослыя і дзеці – дашкольнікі, навучэнцы, каляджане. Патрыятычны і прыгожы момант!
У год Вялікай Перамогі мы павінны памятаць яе цану. З рускім народам у нас адзінае мінулае, разам мы – непераможная сіла, падкрэсліў у віншавальным слове старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч на мітынгу, які прайшоў у Ляхавічах на плошчы Перамогі – знакавым для ляхавічан месцы. Гучалі песні пра мір, адзінства і любоў да Бацькаўшчыны. На адной сцэне разам выступалі самадзейныя артысты Ляхавіцкага і Клецкага раёнаў. Фінішаваў аўтапрабег на Кургане Славы, дзе для падрастаючага пакалення былі арганізаваны разнастайныя конкурсы.
Ляхавіцкі раён мае добрых сяброў у Расіі – гарады-пабрацімы Ялутараўск у Цюменскай вобласці і Чыстопаль у Рэспубліцы Татарстан.
2 красавіка, у Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, Ляхавічы і Ялутараўск злучыў міжнародны маладзёжны тэлемост «Моладзь –
за Саюзную дзяржаву». Па абодва бакі экрана ішло зацікаўленае абмеркаванне напрамкаў развіцця маладзёжнай палітыкі і абмен вопытам, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Ляхавіцкага райвыканкама, райкама БРСМ, Маладзёжнага парламента пры Ляхавіцкім раённым Савеце дэпутатаў і прадстаўнікі адміністрацыі горада Ялутараўска, маладзёжнага сацыяльна-дзелавога цэнтра, Агульнарасійскага грамадска-дзяржаўнага руху дзяцей і моладзі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА








