Нашим детям. В Ляховичах стартовала акция «Желание в ладошке»

Правядзенне дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” стала для Беларусі добрай традыцыяй. На працягу месяца – з 12 снежня па 11 студзеня – яе ўдзельнікі наведваюць дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, апякунскія і прыёмныя сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, дзіцячыя бальніцы, віншуюць рабят з навагоднімі і каляднымі святамі і ўручаюць падарункі.

Цэнтральнай падзеяй стане навагодняе свята ў Палацы Рэспублікі, на якое з’едуцца больш за 2 тысячы дзяцей з вялікіх і маленькіх гарадоў і вёсак. На самую вялікую ёлку запрашаюць лепшых вучняў і спартсменаў, лідараў дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў, хлопчыкаў і дзяўчынак са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў і тых, хто выхоўваецца без бацькоў, дзяцей-інвалідаў. Плануецца, што рэспубліканскае свята сёлета адбудзецца 24 снежня.

У акцыі “Нашы дзеці” прымаюць удзел вышэйшае кіраўніцтва краіны, прадстаўнікі мясцовых органаў улады, грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый, працоўных калектываў і бізнесу.

Дабрачынныя навагоднія ранішнікі будуць арганізаваны ў кожным абласным цэнтры, а таксама падчас зімовых канікулаў – ва ўсіх гарадах і раёнах краіны.

Вось ужо некалькі гадоў на Ляхавіччыне ў гэты час праводзіцца традыцыйны дабрачынны марафон “Калядны падарунак”. Яго арганізатары – райвыканкам, аддзел адукацыі, спорту і турызму, раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі – запрашаюць усіх дапамагчы сваім маленькім землякам – выхаванцам ЦКРНіР. У цэнтры займаюцца дзеці з цяжкімі і множнымі парушэннямі ў развіцці, і для іх вельмі важна стварэнне безбар’ернага асяроддзя (на гэта накіроўваюцца сродкі, сабраныя падчас марафону). А яшчэ такім хлопчыкам і дзяўчынкам патрэбны наша ўвага, клопат і разуменне. Зрэшты, і проста навагоднія падарункі, дазволіць сабе набыць якія можа не кожная сям’я, дзе выхоўваецца дзіця з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Учора ў ГДК стартавала акцыя “Жаданне ў далоньцы”, ужо добра знаёмая ляхавічанам. 23-24 снежня з 11 да 14 гадзін паўдзельнічаць у акцыі “Рабіць дабро – так проста” можна будзе ў магазіне “Усходні”, а 29-30 снежня – у магазіне “Верас”.

У праграме марафону – выстава творчых работ “асаблівых” рабят, забаўляльная праграма ў дзіцячым аддзяленні райбальніцы, ранішнік для выхаванцаў ЦКРНіР і многае іншае.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *