Грушаўка ў фотааб’ектыве Сяргея Чарановіча
“Святло і цень старой сядзібы” — гучыць таямніча, рамантычна і загадкава. Выстава з такой назвай захапляе не толькі аматараў вывучэння культурнай і гістарычнай спадчыны, а і тых, каму неабыякавы лёс старадаўніх помнікаў культуры, архітэктуры і дойлідства. Менавіта Грушаўскі палацава-паркавы ансамбль стаў галоўнай дзеючай асобай 31 фотаработы, выстаўленай у Брэсцкім музеі “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці”. Выстава прымеркавана да Дзён еўрапейскай спадчыны, якія сёлета ў нашай краіне аб’яднаны тэмай “Сядзібныя паркі Беларусі”.
Аўтар работ апошняй экспазіцыі – наш зямляк, таленавіты і апантаны чалавек, мастак па прызванні і па адукацыі, краязнаўца і педагог-наватар Сяргей Чарановіч — член Беларускага саюза мастакоў і Беларускага саюза дызайнераў, сааўтар герба горада Ляхавічы. Зараз ён у якасці педагога Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў дзеліцца сваім майстэрствам з юнымі аматарамі жывапісу, выкладае мастацтва фатаграфіі ў Баранавіцкай мастацкай школе, кіруе заслужаным аматарскім калектывам — дзіцяча-юнацкай студыяй выяўленчага мастацтва “Апалон”. Да таго ж Сяргей Вячаслававіч – аўтар мастацкага афармлення больш як 50-ці кніг. Яго лепшыя работы – неаднаразовыя дыпламанты рэспубліканскіх конкурсаў мастацтва кнігі. А яшчэ ён – фіналіст рэспубліканскага конкурсу фотаздымкаў “Мая Беларусь”.
— Захапіўся фатаграфіяй яшчэ напрыканцы мінулага стагоддзя, калі пабываў у вельмі прыгожай мясціне нашай Ляхавіччыны — у старой сядзібе ў Грушаўцы. Захацелася захаваць для сябе і для нашчадкаў хаця б выявы капліцы знакамітага роду Рэйтанаў, старой алеі з лістоўніц, такой прыгожай і непаўторнай у розны час сутак і ў розную пару года. З таго часу фатаграфія трывала ўвайшла ў маё жыццё, — гаворыць аўтар выставы. На сённяшні дзень ва ўласным архіве Сяргея Чарановіча больш за 1000 фотаздымкаў.
— Калі хоць раз пабываеш у Грушаўцы, не зможаш забыць гэта прыгожае месца, па сцежках якога хадзіў Тадэвуш Рэйтан, дзе некалькі разоў пабываў знакаміты мастак Напалеон Орда. Вельмі шкада, што сядзіба разбураецца, і так хочацца, каб знайшліся людзі, якія ўдыхнуць у яе новае жыццё і захаваюць гэты помнік культуры і архітэктуры для нашчадкаў. Тым больш, што гэта прыгожае месца знаходзіцца ў цэнтры турыстычнага ”Залатога кальца Беларусі”, — дзеліцца думкамі Сяргей Чарановіч.
Адкрыццё выставы адбылося 3 верасня. Ужо ў першы яе дзень (фотавыстава арганізавана пры дапамозе і фінансавай падтрымцы аддзела культуры Ляхавіцкага райвыканкама) было нямала жадаючых датыкнуцца да непаўторных краявідаў Грушаўкі. Аматары мастацкай фатаграфіі і проста неабыякавыя людзі прыходзілі, разглядалі фотаздымкі, задумваліся і разважалі. Выказваліся меркаванні наконт будучага Грушаўскай сядзібы, і, наогул, помнікаў архітэктуры і гісторыі.
Выстава з фотавыявамі Грушаўскага палацава-паркавага ансамбля будзе экспанавацца да канца верасня.
Галіна КАНЬКО.