Пазнаём свет разам
Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа паспяхова супрацоўнічае з аднайменнай грамадскай арганізацыяй Швейцарыі. Сумесныя акцыі, праекты – імкненне маральна і матэрыяльна падтрымаць інвалідаў, маламаёмных грамадзян, шматдзетныя сем’і.
Нядаўна валанцёры раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа выйгралі права на рэалізацыю праекта “Пазнаём свет разам”, які прадугледжвае паездкі і экскурсіі па славутых мясцінах рэспублікі, азнаямленне з гісторыяй роднага краю. На гэты раз 25 чалавек з ліку інвалідаў ва ўзросце да 35 гадоў адправіліся на экскурсію на шклозавод “Нёман”. Вельмі цікава было пазнаёміцца з людзьмі такой незвычайнай прафесіі як шкловыдзімальшчыкі, якія на вачах стваралі сапраўдныя цуды. Многія набылі сабе ў якасці сувеніраў вырабы знакамітага завода.
На зваротным шляху быў зроблены прыпынак на беразе прыгожага возера Свіцязь: удзельнікаў экскурсіі захапілі краявіды Гродзеншчыны. Ад паездкі засталіся самыя прыемныя і незабыўныя ўражанні.
Згодна з праектам, плануецца наведванне валанцёрамі раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа інвалідаў на даму, святкаванне дзён сям’і і пажылых людзей. Каштоўныя падарункі атрымаюць 8 ганаровых донараў.
Жанна ЛЕШЫК, старшыня раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа.