Комплексны падыход. Штодзень з Русінавіцкага малочна-таварнага комплексу адпраўляецца на перапрацоўчае прадпрыемства 8,5 – 10 тон малака. Усё гатунку экстра

Штодзень з Русінавіцкага малочна-таварнага комплексу адпраўляецца  на перапрацоўчае прадпрыемства   8,5 – 10 тон малака. Усё гатунку экстра

Вёска толькі прачынаецца, а на малочным комплексе ў Русінавічах кіпіць жыццё. Яшчэ да пачатку дойкі яго загадчык Ігар Бубенчык прымае “рапарт” ад вартаўнікоў, якія сачылі за парадкам у начны час. Слесар-наладчык Міхаіл Хмарук ужо запусціў у работу абсталяванне. Аператары машыннага даення Зоя Сецька і Вольга Грыкель, не марудзячы, прыступаюць да работы. Пры неабходнасці кагосьці з іх падмяняе Людміла Новік. З сухастойнай групай кароў упраўляюцца Святлана Гаар і Алена Стасевіч.
Можна сказаць, што ў іх дзеяннях адпрацаваны кожны рух, усё атрымліваецца як па нотах. Толькі замест музычнага інструмента – сучаснае абсталяванне даільнай залы.
Сістэма “елачка” прыняла на дойку першыя 24 каровы. На чарзе больш за 400 рагуляў, якім папярэдне праводзяцца “водныя працэдуры” з прымяненнем спецыяльных дэзсродкаў. Адначасова запушчана і камп’ютарная сістэма кіравання статкам: на маніторах высвеціліся паказчыкі прадукцыйнасці кожнай каровы за папярэдні дзень, сённяшні надой, атрыманыя плюсы-мінусы, што дазваляе кантраляваць здароўе жывёлы, вызначаць найбольш спрыяльны перыяд яе пакрыцця. Гэтыя даныя ўжо для ветурача Мікалая Жарскага і тэхніка-асемянатара Івана Буйко, заатэхніка-селекцыянера Галіны Ксёнжык, якая вядзе радаслоўную кожнай рагулі.
Пад асобым кантролем высокапрадукцыйныя жывёлы, якіх у гаспадарцы 33 (ад кожнай за год надойваецца па 10000 кілаграмаў малака). Над папаўненнем статка рэкардыстак працуе звяно селекцыянераў і зааветспецыялістаў.
У гэты ж час на двух кормазмяшальніках “Гаспадар” раздаюцца кармы: па групах, дыферэнцыравана, рацыёны збалансаваныя. Даглядчыкі Генадзій Горбік, Сяргей Ходар, Аляксандр Юруць, Аляксандр Бубенчык сочаць за парадкам на кармавым стале.
Вынікі дойкі: ад кожнай каровы надоена па 21 літры малака – на ўзроўні некалькіх папярэдніх дзён. Справы ідуць стабільна добра, адзначыў загадчык комплексу. Малако тут заўсёды гатунку экстра, інакш не бывае.
– Любы кантакт работнікаў з малаком адсутнічае, – расказвае Ігар Бубенчык. – Забяспечаны чысціня абсталявання, пад кантролем здароўе жывёлы, правільнае кармленне, а гэта і ёсць асноўныя складальнікі якаснай прадукцыі.
Працягвае размову галоўны заатэхнік Уладзімір Ксёнжык:
– Новыя тэхналогіі ў аснове вытворчасці, але вялікае значэнне мае і так званы чалавечы фактар. Для работы на комплексе падбіралі людзей, калі ён будаваўся, – лепшых з лепшых. З кадрамі не памыліліся: адказныя, працавітыя, нераўна-душныя. Наогул, мы пабывалі ў многіх гаспадарках рэспублікі, дзе паспяхова працуюць падобныя комплексы, – вучыліся, пераймалі вопыт.
Сёлета малочнатаварнаму комплексу 6 гадоў. І ў тым, што СВК “Ляхавіцкі” з’яўляецца лепшай у раёне гаспадаркай па вытворчасці малака, у значнай ступені заслуга русінавіцкіх жывёлаводаў. За 9 месяцаў тут надоена па 5872 кілаграмы малака ад кожнай каровы, а валавая вытворчасць склала 2548 тон. Падкрэслім, – гатунку экстра.
– Русінавіцкі комплекс па вытворчасці малака ўжо даўно сябе акупіў, – расказвае старшыня СВК “Ляхавіцкі” Аляксандр Вітко. –Хоць некалі будавалі яго з праблемамі, у асноўным, гаспадарчым спосабам і з вялікімі змяненнямі ў праекце, аднак сёння гэта ўжо мінулыя клопаты. За прадукцыю з комплексу ў год мы атрымліваем каля  15 мільярдаў рублёў –  3 мільярды чыстага прыбытку.
Тут працуюць усяго 17 чалавек. Яны ўтрымліваюць больш за паўтысячы жывёл. Уражвае парадак, дагледжанасць памяшканняў, гаспадарчы падыход пры планіроўцы гэтага своеасаблівага жывёлагадоўчага гарадка. Заасфальтавана тэрыторыя, тут жа акуратнымі радамі выкладзены 800-кілаграмовыя рулоны з сенажом, прыгатаваным па новай тэхналогіі (дарэчы, нарыхтавана 5000 тон гэтага спажыўнага корму), знайшлося месца нават для стаўшых экспанатамі даўняй сельгасвытворчасці – сячкарні, ільномалацілкі, калодзежа-жураўля. А яшчэ навокал цвітуць кветкі. Такой і павінна быць малочнатаварная ферма сённяшняга дня.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Галоўны ветурач Мікалай Жарскі, асемянатар Іван Буйко і аператар Аляксандр Бубенчык.

Галоўны заатэхнік Уладзімір Ксёнжык і загадчык комплексу Ігар Бубенчык.

Зоя Сецька і Вольга Грыкель за работай.

Механізатар Віктар Касмовіч.

Прыгатаваннем канцэнтратаў займаецца Аляксандр Сельмановіч

Асемянатар Іван Патаповіч і ветурач-гінеколаг Сяргей Трахімовіч.

Жывёлавод Сяргей Ходар.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *