Тэорыя і практыка «камунальнай» бытоўкі

Попытам сёння карыстаюцца самыя розныя бытавыя паслугі: пашыць сукенку ці абнавіць касцюм, даць другое жыццё любімым туфлям, без асаблівых намаганняў памыць бялізну, зрабіць модную прычоску ці манікюр, адрамантаваць гадзіннік ці пральную машыну, скарыстацца паслугамі хімчысткі ці ўзяць напракат тэлевізар або халадзільнік… Многія прывыклі, што ўсё гэта аказвае камбінат бытавога абслугоўвання, многае можна заказаць і на комплексных прыёмных пунктах у вёсках і аграгарадках. Але час не стаіць на месцы. З’яўляюцца новыя патрэбы і запыты, канкурэнты ўпэўнена займаюць старыя і асвойваюць новыя нішы на рынку спажывецкіх паслуг. Да гэтай тэмы раёнка звярталася неаднойчы.

У адной з публікацый   (“ЛВ” № 21 ад 18.03.2015 г.)  дырэктар жылкамунгаса (на яго баланс паўтара гады назад быў перададзены РКБА) Аляксандр Мядзвецкі запэўніў, што ў прадпрыемства адносна свайго новага падраздзялення ёсць далёка ідучыя планы. Пералічваў вырашэнне кадравага пытання; размяшчэнне на першым паверсе будынка КБА салона прыгажосці, дзе меркавалася аказваць паслугі майстра па манікюры, педыкюры, цырульніка; завяршэнне другой чаргі рэканструкцыі з мадэрнізацыяй будынка КБА па вуліцы Леніна ў райцэнтры і замена інжынерных сетак у будынку па вуліцы Южакова; набыццё новага тэхналагічнага абсталявання.
З таго часу прайшло 7 месяцаў. Што змянілася? Наколькі палепшыліся ўмовы для наведвальнікаў і для майстроў бытавых паслуг, што з асартыментам?
Як паведаміў рэдакцыі начальнік участка бытавога абслугоўвання камунгаса Сяргей Вараб’ёў, у выніку аптымізацыі страты ад “бытоўкі” зніжаны і сёлета за  9 месяцаў склалі 771 мільён рублёў (за адпаведны перыяд летась – 1052 мільёнаў) пры амаль што аднолькавым бюджэтным фінансаванні.
Пра аўташколу, што некаторы час арандавала памяшканне на першым паверсе дома № 35 па вуліцы Леніна, яшчэ нядаўна нагадвала шыльда з запрашэннем на вучобу. Цяпер зала пустуе. Праўда, на мінулым тыдні яго на некалькі дзён арандавалі пад выставу-продаж вырабаў з камянёў. Ніякі рамонт там пакуль не робіцца. Значыць, яшчэ не адзін месяц цырульня будзе знаходзіцца ў некамфортным пакоі на другім паверсе.
Што датычыць цырульні, то гэта памяшканне разгароджана.Вокны ў будынку пакуль не заменены, таму скразнякі працягваюць гуляць, падлога засталася “шчарбатай”. Аднак, як паведамілі ў камунгасе, у вытворча-тэхнічным аддзеле ЖКГ ужо распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя: на першую чаргу рамонтна-аднаўленчых работ неабходна больш за 270 мільёнаў рублёў.
Тым не менш, менавіта цырульня, дзе працуюць 5 майстроў, – самае паспяховае падраздзяленне камунгаса па аказанні бытавых паслуг насельніцтву. Хаця яшчэ некалькі гадоў назад першынство па запатрабаванасці было за абутковай майстэрняй. Аднак, сваё важкае слова і, на жаль, не на карысць бытавікоў сказала канкурэнцыя. У горадзе на сённяшні дзень 3 прыватнікі аказваюць паслугі па рамонце абутку, працуюць іх калегі і ў сельскай мясцовасці. Кіраўніцтву камунгаса давялося нават пайсці на непапулярную меру і скараціць у сваёй службе аднаго абутніка. Цяпер заказы выконвае адзін майстар.
Няма чым парадаваць і тых, хто мае звычку даверыць прафесіяналам зрабіць педыкюр. Такога майстра ў бытоўцы няма. А манікюрны працуе праз дзень.
Аляксандр Мядзвецкі недастатковую запатрабаванасць паслуг цырульні тлумачыць тым, што гэту нішу таксама занялі прыватнікі, у якіх напрацавана кліентура і паслугі больш сучасныя. Маладыя спецыялісты, якія прыходзяць на работу ў КБА пасля заканчэння прафесійных ліцэяў, атрымаўшы навыкі, пераходзяць у прыватныя салоны ці адкрываюць сваю справу.
А чаму гэта адбываецца? Якія бонусы там? Гэтыя пытанні засталіся без адказу.
Яшчэ адна прычына скарачэння колькасці наведвальнікаў, па меркаванні дырэктара раённага ЖКГ, тое, што многія ляхавічане выбіраюць майстроў у салонах і цырульнях іншых гарадоў. І зноў пытанне: а чаму землякі ідуць-едуць за стрыжкай, прычоскай, манікюрам у тыя ж Баранавічы?..
Дырэктар камунальнай службы раёна перакананы, што сёння “неактуальнае і пытанне рамонту бытавой тэхнікі – больш выгадна купіць новую ці даверыцца прыватнікам, якія спецыялізуюцца на аказанні асобных відаў паслуг”. Спрэчнае меркаванне. У рэдакцыю часта тэлефануюць землякі з пытаннем, дзе ў Ляхавічах можна адрамантаваць бытавую тэхніку. Напэўна, прасцей было б прыйсці ў КБА ці КПП і атрымаць усё на месцы. Так што сцвярджэнне наконт неактуальнасці такіх паслуг у пэўнай ступені суб’ектыўнае.
Яшчэ вясной амаль усе работнікі камунгаса пенсійнага ўзросту былі звольнены ў сувязі з аптымізацыяй прадпрыемства, сярод іх, у тым ліку, і закройшчыца швейнага цэху. А без такога спецыяліста, зразумела, атэлье працаваць не зможа. Сяргей Вараб’ёў удакладніў, што летам на гэта месца ўладкавалася вопытная работніца, якая працавала закройшчыцай у КБА некалькі гадоў назад. Разам са швачкамі яна шые па індывідуальных заказах. Іх, праўда, няшмат. Сышлі на нуль і масавыя заказы ад арганізацый на пашыў спецадзення і бялізны – цяпер толькі для патрэб камунгаса.
Паслугамі ляхавіцкай пральні карыстаюцца 14 прадпрыемстваў і арганізацый раёна, а таксама Баранавіцкі ліцэй машынабудавання. Кліентаў сярод насельніцтва мінімум.
А магутнасці гэтага аб’екта павышаюцца. Да новай пральнай машыны, якую камунгас набыў за ўласныя сродкі, далучыўся і прасавальны прэс. Штомесяц у пральні мыецца да 6 тон бялізны. Асабліва “ўраджайнымі” аказаліся летнія месяцы, калі працаваў аздараўленчы лагер “Чайка”. Тады кожны месяц выручка ад паслуг пральні ў сярэднім складала 90 мільёнаў рублёў. Але, тым не менш, запланаваны на канец года выхад на самаакупнасць, напэўна, адкладваецца да лепшых часоў.
Магчыма, павялічыць запатрабаванасць паслуг і палепшыць эканамічны стан прадпрыемства здольна была б арганізацыя новых вытворчасцей. Аляксандр Мядзвецкі на гэты конт зноў называе знаёмую прычыну – неабходны свабодныя грошы, а іх у ЖКГ няма. Але не скінеш з рахункаў агульнавядомае: не ўклаўшы – не атрымаеш.
За выдаткаваныя бюджэтныя сродкі сёлета набыты новенькі трактар, які перадаецца на баланс бытавікоў і будзе па заяўках грамадзян апрацоўваць прысядзібныя ўчасткі ў горадзе і ў сельскіх населеных пунктах, праўда, толькі з наступнай вясны.
Асаблівая сфера дзейнасці бытоўкі – сельскія комплексныя прыёмныя пункты. Тут вядзецца прыём абутку ў рамонт, аказваюцца рытуальныя паслугі. Запатрабаваныя паслугі цырульніка, які па графіку выязджае на КПП. У раёне цяпер 11 КПП (на пачатак года іх было 12, з-за адсутнасці работніка зачынены пункт у Тухавічах; двойчы на тыдзень сюды прыязджае цырульнік і работнік, які прымае заказы ад насельніцтва). Дарэчы, на ўсіх КПП прыёмшчык працуе на паўстаўкі, а рабочы дзень доўжыцца з 10 да 14 гадзін, субота і нядзеля – выхадныя.
Шмат прычын у “недароблена, недаатрымана, неактуальна”, пералічаных у ЖКГ. А калі прычын шмат, узнікае пытанне: ці не час іх вырашаць у парадку “жывой чаргі”? Ад канстатацыі іх толькі дабаўляецца, – глядзіце пачатак артыкула.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

2 thoughts on “Тэорыя і практыка «камунальнай» бытоўкі

  • 03/11/2015 в 23:22
    Permalink

    Получается, что частники могут привлечь клиентов и удержать их, а государственная бытовка -нет. Может от того, что нет личной заинтересованности, которая и была бы тем самым стимулом и двигателем новинок и производств. Интересно, сколько работников коммунальной сферы являются постоянными посетителями парикмахерской, ателье или других услуг? Наверное, немного. А в этом вся соль. Поэтому и будут постоянные нет на совершенствование и инновации. А так хочется похвастаться перед друзьямі, что вот у нас в Ляховичах…

  • 04/11/2015 в 11:05
    Permalink

    Раньше я и мои подруги с радостью делали маникюр и педикюр в КБО: цены были ниже, чем в других салонах, а качество — хорошее. Мастер был внимательный и обходительный.. Потом педикюр исчез, о стался только маникюр — неудобно. Пришлось искать частника. Согласна с автором и в том, что неуютно, когда тебе обрабатывают ногти, а рядышком парикмахер подметает только что состриженные волосы. И ещё. Недавно приходила проведывать знакомую, которая лежала в больнице и стриглась в больничной парикмахерской. Так вот — мастер стрижёт, а рядышком рабочие вставляют вместо старых окон стеклопакеты.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *