Сустрэнемся на ўчастку. Робім свой выбар сэрцам і сумленнем

Па даных Цэнтрвыбаркама, за першыя тры дні ў датэрміновым галасаванні на парламенцкіх выбарах у Беларусі прынялі ўдзел 16,71 працэнта выбаршчыкаў ад агульнай колькасці ўключаных у спісы. У Брэсцкай вобласці – 14,1 працэнта. Зусім нямала, калі ўлічыць, што многія прынцыпова прыходзяць галасаваць у асноўны дзень.

Але нават на гэтым фоне грамадзянская свядомасць і палітычная актыўнасць нашых землякоў дае важкія падставы для гонару: як расказала намеснік старшыні акруговай выбарчай камісіі Баранавіцкай сельскай выбарчай акругі № 7 Ірына Чура, па стане на 19 гадзін мінулага чацвярга на ўчасткі для галасавання прыйшлі ўжо 3864  жыхары Ляхавіцкага раёна – 18,5 працэнта выбаршчыкаў. Тыя, хто вызначыўся са сваім выбарам і вырашыў не адкладваць важную справу – галасаванне – на заўтра.

Дарэчы, лічба не такая і нечаканая. Нашы землякі падчас усіх палітычных кампаній актыўна карыстаюцца магчымасцю прагаласаваць датэрмінова. Свой выбар ужо зрабілі многія знаёмыя, калегі. Калі, атрымліваючы на ўчастку бюлетэнь, ставіла подпіс у спісе для галасавання, з задавальненнем адзначыла: суседзі ўжо таксама пабывалі тут – людзі нераўнадушныя, ім не ўсё роўна, якім будзе заўтра раёна і краіны, будучыня іх унукаў.

Сярод тых, хто прыйшоў на ўчасткі датэрмінова, ёсць і тыя, хто ўдзельнічае ў выбарах упершыню. Са 166 такіх навічкоў 75 – на Ляхавіцкім-Чкалаўскім участку для галасавання № 38. Менавіта на гэтым участку размешчаны дзяржаўны аграрны каледж. Многія навучэнцы – жыльцы мясцовых інтэрнатаў на выхадныя раз’язджаюцца па дамах, таму спяшаюцца прагаласаваць загадзя. І гэта нармальна, галоўнае – каб не ў спешцы, а абдумана, асэнсавана, з разуменнем таго, што ў тым ліку ад іх голасу і ад іх выбару залежыць многае. Каляджане Надзея Раманейка, Алёна Патапчык, Вольга Голуб, Вольга Філіповіч, Дар’я Собаль і Павел Фаносаў (на здымку) хоць і атрымалі бюлетэнь для галасавання першы раз, да справы паставіліся з усёй сур’ёзнасцю.

Па інфармацыі акруговай выбарчай камісіі, у спісы для галасавання ў Ляхавіцкім раёне ўключана 20766 выбаршчыкаў.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *