Крымінал. Здарэнні Ляхавіччыны

Пацягнула на чужое

У мінулы чацвер у РАУС звярнуўся ляхавічанін, які паведаміў, што вечарам невядомыя з арандаванага ім зямельнага ўчастка спрабавалі ўкрасці больш за 80 кілаграмаў капусты. Міліцыянеры ўстанавілі зладзеяў, імі аказаліся трое жыхароў вёскі Зубелевічы, адзін з іх раней судзімы. Зламыснікі затрыманы. Узбуджана крымінальная справа. Украдзенае адабрана.

Давядзецца адказваць за крадзёж і нідзе не працуючаму жыхару вёскі Малое Падлессе. 17 кастрычніка ў доме свайго знаёмага ён разам з гаспадаром бавіў час за распіццём спіртных напіткаў. Потым госць украў кашалёк з 80 рублямі. Злодзей затрыманы, частка ўкрадзенага ў яго адабрана.

Пракурор раёна ўзбудзіў крымінальную справу па частцы 3 артыкула 210 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у адносінах былога кіраўніка аднаго з сельгаспрадпрыемстваў Ляхавіччыны. Летам 2013 года, выкарыстоўваючы сваю службовую пасаду, ён украў шасі прычэпа сельскагаспадарчай тэхнікі, чым нанёс шкоду Брэстаблаграсэрвісу на суму больш за 28 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. РАСК праводзіць следства. Калі віна падазронага будзе даказана, яму пагражае пазбаўленне волі тэрмінам ад 3 да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

На гэты раз выратавалі

15 кастрычніка гарэў жылы дом у Падлессі. У адным з пакояў выратавальнікі знайшлі і гаспадара, 1967 года нараджэння. Пацярпелага з апёкамі 5-6 працэнтаў цела даставілі на лячэнне ў райбальніцу. Агнём пашкоджаны пасцельныя рэчы і ўнутранае аздабленне памяшкання.

Папярэдняя прычына пажару – неасцярожнае абыхо-джанне з агнём пры курэнні ў ложку нецвярозага гаспадара.

Са зводкамі РАУС і РАНС знаёмілася

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *