Юліна алімпійская казка

Прадстаўніцтва НАК Беларусі ў Брэсцкай вобласці ўшаноўвала пераможцаў і прызёраў абласнога літаратурна-творчага конкурсу «Алімпійская казка Белай Вежы». У зале Алімпійскай славы сярод  іншых узнагародзілі і нашу зямлячку – вучаніцу 9 класа Дараўскай СШ Юлію Жмурко. За казку «Як зверы крата матывавалі» дырэктар Прадстаўніцтва Алена Белаконенка ўручыла  школьніцы дыплом II ступені і каштоўны прыз – планшэт.
– Мая казка пра дабрыню і ўзаемавыручку. На прыкладзе галоўных герояў – звяроў, што жывуць у Белавежскай пушчы і актыўна займаюцца  спортам, і  гультая-крата, які не сябраваў з фізкультурай, хацела паказаць, што ніколі не трэба адчайвацца і баяцца цяжкасцяў. Крот пры дапамозе сяброў    стаў заўзятым спартсменам і зразумеў, што самае галоўнае – нягледзячы ні на што, імкнуцца наперад, спрабаваць свае сілы. Пры падтрымцы настаўніцы рускай мовы і літаратуры Веранікі Дзмітрыеўны   Грынчык змагла сачыніць цікавую казку, – дзеліцца  Юля Жмурко.
Юля паспявае засвойваць не толькі школьныя веды, але  і музычныя – вучыцца ігры на акардэоне, займаецца рукадзеллем – стварае з ільну сапраўдную прыгажосць, імкнецца кожны свой дзень напоўніць яркімі    фарбамі.
Наталля  ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва Дараўскай СШ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *