Што на абед у школьніка. «Ляхавіцкі веснік» правёў прамую лінію
Школы Ляхавіччыны далучыліся да абласной кансультацыйна-адукацыйнай акцыі «Школьнае харчаванне – здаровае і рацыянальнае». Яе мэта – навучыць дзяцей правільнаму здароваму харчаванню, пераканаць, што агародніна, фрукты – карысныя для арганізма, а чыпсы, газіроўка – наадварот. У «ЛВ» на прамой тэлефоннай лініі па пытаннях арганізацыі дзіцячага харчавання працавала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святланай ЯКУБОЎСКАЙ.
– Святлана Канстанцінаўна, добры дзень! Тэлефануе маці двух вучняў пачатковых класаў. Мяне цікавіць шлях прадуктаў у школьную сталовую. Ці можна давяраць іх свежасці і якасці?
Ірына, Ляхавічы.
– Арганізацыя дзіцячага харчавання – тэма, якая на заўсёдным кантролі. Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі і іншыя ведамствы надаюць ёй самую вялікую ўвагу. Усе пытанні цэнтралізаванага забеспячэння харчаблокаў садоў і школ вырашае служба харчавання аддзела. Для сталовых прадукты закупляюцца не праз пасрэдніка, а напрамую на прадпрыемствах-вытворцах, дагавор з якімі заключаецца на год, і кошт прадуктаў, нягледзячы на павышэнне цаны, не змяняецца.
У школы і дзіцячыя сады раёна, згодна заявак, прадукты дастаўляюць 3 аўтамабілі з ахаладжальным кузавам. Хуткапсавальныя прадукты (малочныя, мясныя, хлеб) у гарадскія ўстановы адукацыі прывозяць штодзень, у сельскія – 2 разы на тыдзень. Халадзільнае і тэхнічнае абсталяванне харчаблокаў сертыфікавана, яго стан правяраецца і абнаўляецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі СанПіНа.
Пытанне ад «ЛВ».
– Як забяспечваецца кантроль за арга-нізацыяй харчавання ва ўстановах адукацыі?
– На раённым узроўні пастаянны кантроль ажыццяўляюць работнікі аддзела адукацыі і райЦГіЭ. У кожнай школе, дзіцячым са-дзе створаны саветы па харчаванні і бракеражныя камісіі. Повары перыядычна павышаюць сваю прафесійную кампетэнтнасць на курсах у Брэсце, на месцах з імі таксама праводзяцца навучальныя семінары і вучобу.
–Ці з’явяцца ў школах буфеты?
Пётр Сяргеевіч.
– Пачну з таго, што пытанне гэта вывучалася і вывучаецца. Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама не мае права арганізоўваць такія кропкі харчавання. Гэта кампетэнцыя райпо. Трэба ўлічваць, што ў школьных буфетах забаронены да продажу любімыя дзецьмі некарысныя прадукты – газіроўкі-чыпсы, існуюць абмежаванні і на гандаль фастфудам. Значыць, у многім яны могуць дубліраваць стравы сталовых. Разам з тым, у кошт школьнага харчавання не закладваецца ні зарплата повара, ні транспартныя і іншыя выдаткі. Сярэдняя цана абеда – 1 рубель 10 капеек, у месяц – 22-25 рублёў. Гэта прыкладна ў 1,5 раза танней, чым у іншых раёнах, дзе харчаванне ў кампетэнцыі камбінатаў дзіцячага харчавання. Прычым некаторыя ўстановы адукацыі стараюцца патанніць абеды – займаюцца саманарыхтоўкай агародніны на зіму. Таму, лічу, лепш атрымаць адна- ці двухразовае гарачае харчаванне, чым перакусіць булачкай.
Яшчэ важны факт не на карысць буфетаў: 76 працэнтаў школьнікаў раёна харчуюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў, за бацькоўскую аплату – толькі 24 працэнты. Пры такім раскладзе не ўпэўнена, што буфет будзе карыстацца папулярнасцю. Для інфармацыі: бясплатна харчуюцца ўсе вясковыя школьнікі, вучні 1-4 класаў райцэнтра, рабяты з мнагадзетных, малазабяспечаных сем’яў, дзеці-інваліды. На гэтыя мэты з пачатку навучальнага года выдаткавана без малога 47 тысяч рублёў.
– Раскажыце падрабязней, што даюць школьнікам на абед.
Наталля, аг. Дарава.
– Гарачым харчаваннем у нашым раёне ахоплена 100 працэнтаў школьнікаў. Распрацаванае прыкладнае меню на 2 тыдні (даволі разнастайнае і багатае на вітаміны) дазваляе вар’іраваць прадукты і гатаваць смачныя і карысныя стравы. Натуральныя нормы на 95 працэнтаў вытрымліваюцца. У рацыёне школьнікаў абавязкова рыба, мяса, агародніна і інш.
Часам бацькі скардзяцца, маўляў, на абед часта даюць катлеты, а дзеці іх не вельмі любяць. Але гэта біточкі, зразы, а калі і катлеты, то з кураціны, ялавічыны, свініны. Прычым толькі 3 школы ў раёне працуюць з паўфабрыкатамі, у астатніх маюцца цэхі для раздзелкі прадукцыі, і повары самі перапрацоў-ваюць мяса. Дзіцячыя сады наогул не выкарыстоўваюць паўфабрыкаты.
Працоўны дзень работнікаў сталовых пачынаецца ў 5-6 гадзін раніцы. Не выклікае пытанняў і кваліфікацыя повараў – усе маюць 4-5 разрад, перыядычна праходзяць медагляд. Калі канкрэтна пра меню, то, напрыклад, 25 кастрычніка ў СШ № 1 рабят кармілі салатам «школьны», свінымі біточкамі, макаронай, плюс яблычны кампот.
Пытанне ад «ЛВ».
– Ці будзе ў нашым раёне ўкаранёна аплата за школьнае харчаванне праз адзіную разлікова-інфармацыйную сістэму? Гэта ж зручна для бацькоў і для настаўнікаў.
– Закуплена праграма для пераводу аплаты школьнага харчавання на безнаяўны разлік. За кожным хлопчыкам ці дзяўчынкай замацуюць асабовы рахунак, і класныя кіраўнікі не будуць больш збіраць грошы, перадаваць іх адказнай асобе. Трэба будзе пры адсутнасці дзіцяці ў школе ў табелі харчавання зрабіць адпаведную адзнаку. Астатняе – за праграмай, дзе будзе стаяць кошт абеду за кожны дзень і падсумаваны за месяц. Школьнае харчаванне можна будзе аплачваць праз АРІП, як, напрыклад, камунальныя паслугі, мабільную сувязь. Усю гэту сістэму з лістапада апрабуюць у гімназіі. А пасля яна будзе ўкараняцца ва ўсіх школах раёна.
На прамой лініі працавала Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Тым часам