Мода на лён. ААТ «Ляхавіцкі льнозавод»
Каб расліна стала якасным валакном, пра яе клапоцяцца з вясны да восені. Увесь тэхналагічны працэс трансфармацыі трасты ў ільновалакно ў новым цэху выконваюць 8 чалавек. Паўночны шоўк на лініі труць і трэплюць. За суткі выпускаюць да 10 тон ільновалакна, у тым ліку 2,5-3 тоны – доўгага, астатняе – кароткае. Затым сартаванне па нумарах і адпраўка спажыўцам. Асноўныя – Аршанскі льнокамбінат і «Гранітэкс». Прадукцыя нашага завода запатрабавана ў Кітаі, Прыбалтыцы. Цеплавыя ўласцівасці кастрабрыкетаў штогод па вартасці ацэньвае ўсё больш прыхільнікаў.
Пра лён ад «а» да «я» ведае механізатар Уладзімір Маслоўскі, які штогод пачынае сельскагаспадарчы сезон, а потым на даўгунцовых палетках шчыруе на льноўборачным камбайне. Не займаць вопыту і прафесіяналізму Ірыне Цэменя, Таццяне Сокал, Лідзіі Капко, Сяргею Свірыдзенку і іншым. Працуюць тут нават сем’ямі. Сёлета, напрыклад, калектыў папоўніўся маладымі спецыялістамі Антонам і Марынай Маслоўскімі. У Антона на заводзе працуе і бацька.
Лён – усяму душа, сцвярджае народная мудрасць, а льнозавадчане дадаюць: і стратэгічная перспектыўная культура.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.