Камунальны камфорт. На пасяджэнні райвыканкама разглядаўся ход рэалізацыі ў Ляхавіцкім раёне дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе»

У кожнага, пэўна, сваё меркаванне пра камфортнае і ўтульнае жыллё. Але, напрыклад, гарачая і халодная вада, газавае ацяпленне, санвузел і іншыя зручнасці ўспрымаюцца сёння як неад’емныя яго ўмовы. Акрамя таго – якасць пітной вады, камфортная тэмпература ў пакоях, даступнасць камунальных паслуг і г.д. Гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўваліся на пасяджэнні райвыканкама, дзе разглядаўся ход рэалізацыі ў Ляхавіцкім раёне дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе».
Галоўным выканаўцам праграмы ў раёне з’яўляецца КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». З 11-ці праграмных паказчыкаў выконваецца шэсць: па зніжэнні выдаткаў, змяншэнні пісьмовых прэтэнзій, спагнанне плацяжоў за жыллёва-камунальныя паслугі, страты цеплавой энергіі, тэмпы росту аб’ёмаў аказання бытавых паслуг, прырост аб’ектаў бытавога абслугоўвання.
Павышэнне якасці аказваемых жыллёва-камунальных паслуг адбываецца паралельна са зніжэннем выдаткаў на іх аказанне, падкрэсліў дырэктар камунгаса Аляксандр Жук. За перыяд з 2016 па чэрвень 2018 года эканомія затрат па КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» склала 1,25 мільёна рублёў. Сёлета за першае паўгоддзе – 33, 7 працэнта ад задання на год. Гэта адбылося за кошт аптымізацыі колькасці персаналу, дакладнага нарміраванння расходу паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў на адзінку паслуг, іншага. Кіраўнік камунгаса адзначыў, што для эфектыўнага абслугоўвання жыллёвага фонду падрыхтаваны адпаведныя кадры – рабочыя па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў.
Затраты цеплавой энергіі за першае паўгоддзе склалі 10,6 працэнта пры заданні на год не больш за 11. Улічваючы, што летась гэты паказчык быў 13,9 працэнта, неабходна прыняць меры па зніжэнні затрат на цеплазабеспячэнне. У раёне функцыянуюць 24 кацельні, з якіх шэсць працуюць на газу, 18 – на мясцовых відах паліва. Каб знізіць выдаткі на камунальныя патрэбы, прадугледжана мадэрнізацыя цеплатрас і кацельняў, а таксама і закрыццё неэфектыўных.
За два мінулыя гады заменена больш за 3 кіламетры цепласетак, у сёлетніх планах – 4,2. Такая перазагрузка дазваляе знізіць страты пры транспарціроўцы цеплавой энергіі. Але працягласць абноўленай сёлета трасы складае ўсяго 200 метраў і яшчэ 700 – у стадыі замены. А зіма не за гарамі…
Сярод праблемных камунальных пытанняў – капітальны рамонт жыллёвага фонду, забеспячэнне насельніцтва раёна якаснай пітной вадой і іншыя. Як прызнаў Аляксандр Жук, ёсць пытанні па станцыях абязжалезвання – не ўсе яны працуюць, як трэба, вялікі працэнт зносу водаправодных сетак і збудаванняў сістэм водазабеспячэння.
Кіраўнік раёна Аляксандр Камінскі запатрабаваў ад камунгаса прыняць эфектыўныя меры па забеспячэнні насельніцтва якаснай пітной вадой, ухіліць парушэнні яе санітарна-хімічных паказчыкаў, а таксама павысіць эфектыўнасць работы станцый абязжалезвання.
Акрамя таго, камунальнікам дадзена даручэнне ўзмацніць работу па спагнанні запазычанасці насельніцтва за камунальныя паслугі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *