Арандатар «пагарэў» на пломбах

Праверыць дзейнасць прыватнага ўнітарнага прадпрыемства, якое арандуе самы буйны вадаём у Ляхавіцкім раёне – Мінічы, дзяржінспектары вырашылі, калі высветлілася, што каля года арандатар не звяртаўся за маркіроўкай сетак. Хаця, згодна яго справаздач, за тры гады арэнды вадаёма ў ходзе прамысловай лоўлі было згублена больш за 40 маркіровачных знакаў. Маркіровачныя знакі (металічныя пласціны з нумарамі) выдаюць арандатарам і замацоўваюць на іх сетках з дапамогай спецыяльных пломбаў супрацоўнікі дзяржінспекцыі. Знакі неабходны, каб кантраляваць працэс прамысловай лоўлі і адрозніваць прылады прамыславікоў ад браканьерскіх сетак.
У старожцы на беразе вадаёма інспектары выявілі сем немаркіраваных сетак, некаторыя з іх былі з луской, а значыць, маглі выкарыстоўвацца для незаконнай здабычы рыбы. Там жа быў знойдзены пламбіратар, з дапамогай якога былі ўстаноўлены маркіровачныя знакі на 21 сетку. Гэтыя дзеянні выконваліся самавольна і падпадаюць пад санкцыю артыкула 258 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – незаконныя выраб і выкарыстанне дзяржаўных прабірных клеймаў.
Адказнасць для асоб, якія ўчынілі такое парушэн- не – ад буйнога штрафу да трох гадоў пазбаўлення волі.
Акрамя таго, у прыпаркаванай на беразе машыне, якая належыць адной з работніц прамысловай брыгады, інспектары выявілі 11 ракаловак, якія не адпавядаюць дазволеным параметрам.
Зараз па ўсіх выяўленых фактах праводзіцца праверка. За сістэматычнае парушэнне правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі дагавор з арандатарам можа быць скасаваны.
Па матэрыялах афіцыйнага сайта дзяржінспекцыі аховы жывёльнага
і расліннага свету.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *