12580 – лічба круглая, ці І зноў добры дзень!

 

Даўным-даўно, гадоў сорак назад, пашчасціла-давялося з былымі партызанамі пабываць у Машукоўскім лесе, дзе ў ваенныя часы дыслакаваўся атрад імя Лазо. Ілюстрацыяй песенных радкоў «Ой, бярозы ды сосны, партызанскія сёстры…» засталіся ў памяці тыя карціны. Вось у гэтай зямлянцы спыняўся сакратар райкама КП(б)Б Дзесюкевіч, вось тут тулілася атрадная медыцына, а ў гэтай… о, гэта асаблівая – тут нарадзілася раённая газета «Совецкі патрыёт». Так, першапачатак сённяшняй раёнкі – адтуль, з машукоўскага гушчару, куды нават сонечныя промні даходзілі лімітавана. Затое тут было бяспечна партызанам і недаступна для фашыстаў.
Уявіце: бярозкі ў золаце, асінкі ў чырвані, а над імі стромкія высачэзныя сосны ў зялёным. Усё, як і павінна быць напрыканцы кастрычніка. А дакладней, 24 кастрычніка 1943 года. Ноч перад гэтым была бяссоннай для партызан, што ўвайшлі ў рэдкалегію падпольнага выдання – Бурло, Шавялёва, Вярбіцкага, для наборшчыкаў-друкароў Мішні, Гурына. Яны выканалі рашэнне райкама партыі – падрыхтавалі, звярсталі, надрукавалі першы нумар «Совецкага патрыёта». І не важна, што папера была не надта якасная, а тыраж сціплы. Галоўнае – ад першага радка «Смерць нямецкім акупантам» да апошняга «Прачытаў –  перадай другому» выданне было прасякнута непахіснай верай у Перамогу. Яно было так патрэбна, яго так чакалі нашы людзі на акупіраванай тэрыторыі – слова, якое набліжала Перамогу.
…Прайшло 75 гадоў з гэтай падзеі. Дзень у дзень сёння ляхавіцкая раёнка выйшла 12580-ты раз. Такі вось брыльянтавы па юбілейнай вартасці нумар. На працягу сямі з паловай дзесяцігоддзяў «Совецкі патрыёт», потым «Будаўнік камунізму», цяпер «Ляхавіцкі веснік» вядзе прамы рэпартаж з месца падзеі, якою з’яўляецца жыццё нашага раёна, вобласці, краіны. У напісаных радках лёс многіх пакаленняў землякоў, іх стваральныя справы, творчыя дасягненні, іх спадзяванні і мары, новабудоўлі і ўсемагчымыя абноўкі, якія дадаюць камфорту, эстэтыкі, дабрабыту нашай Ляхавіччыне. А яшчэ ў гэтых радках адданасць справе, любоў да яе, рэалізаваная прага творчасці тых, хто ў розныя гады рабіў і робіць раёнку.
98-гадовы Вікенцій Бурло, наш дарагі Ільіч, член першай рэдкалегіі «Совецкага патрыёта» да юбілею газеты дасылае віншаванні ўсяму Ляхавіцкаму раёну, чытачам з пажаданнямі дабра і міру. Ён успамінае тых, з кім «газетнічаў» і пасля вызвалення краіны ад фашысцкіх акупантаў. Канешне, расказвае пра славутага рэдактара Аляксандра Астапава, чыё прозвішча ўвекавечана ў назве адной з ляхавіцкіх вуліц; абавязкова паўтарае ўразіўшыя яго ў тым партызанскім лесе словы Сцяпана Дзесюкевіча: па пытаннях «Совецкага патрыёта» да мяне можна звяртацца кругласутачна.
Пасля Астапава на працягу трох дзесяцігоддзяў галоўным журналістам раёна быў рэдактар Вікенцій Шталь. Непаўторнага дабрэйшага Юльевіча дасёння памятаюць старэйшыя землякі, таму што гэта быў надзвычай чулы чалавек і любімы кіраўнік, сапраўдны сумленны журналіст.
Чацвёрты рэдактар – Іосіф Карпыза – сёння гатовы расказваць пра газету і пра калег бясконца. Ён пісаў класічныя нарысы, ён «няньчыўся» са студэнтамі-практыкантамі журфака, як гэта мог рабіць толькі добразычлівы настаўнік, ён вывучыў газетную справу ад «а» да «я».
Ягоныя ўспаміны дапоўняць яркія публікацыі, што захаваліся ў падшыўках раёнкі, і расказы тых, хто працаваў і працуе ў ёй. Журналісты, карэктары, бухгалтары, вадзіцелі, а раней у абавязковым парадку і работнікі мясцовай друкарні – усе яны па праве могуць сцвярджаць: «Раённая газета – гэта мы». Наўмысна не называю прозвішчы, таму што няхай і нешматлікі калектыў выдання, але яго біяграфія ўмясціла ў сябе многа і многіх.
Сёння раёнка выходзіць сярэднім тыражом 5207 экзэмпляраў. На тысячу жыхароў Ляхавіцкага раёна атрымліваецца 207 экзэмпляраў. Вельмі неблагі вынік – лепшы на Брэстчыне. А з 2010 года ў газеты з’явілася электронная версія і на сайт «ЛВ» штодня заходзяць у сярэднім каля тысячы наведвальнікаў. Ёсць свае старонкі ў нас і ў сацыяльных сетках: «Аднакласнікі», «ВКонтакте», «Інстаграм», «Твітар». Сродкам сувязі з рэдакцыяй, акрамя электроннай пошты і традыцыйных тэлефонаў, стаў вайбер.
Пра што пішам? Пра тое, чым жыве Ляхавіччына, Брэстчына, краіна, што цікавіць і хвалюе землякоў. Расказваем пра дасягненні, не заплюшчваем вочы на праблемы. Мы разам, мы ў адным напрамку, мы на адной хвалі і на жніве, і ў падрыхтоўцы да новага навучальнага года, і ў дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці», і ў паходзе па здаровы лад жыцця, і ў творчасці, і на вытворчасці, і ў марах, і ў падвядзенні вынікаў – як гавораць, і ў будні, і ў святы, і ў горы і ў радасці.
Самай дарагой узнагародай для газетчыкаў з’яўляецца ўвага чытачоў. Яны галасуюць за раёнку сваёй прыхільнасцю і нераўнадушнасцю. «Веснікаўцы» вельмі стараюцца апраўдаць чаканні тых, для каго і пра каго пішуць.
Газету ў першую чаргу робяць… нашы чытачы, і гэта не перабольшанне, не вобраз, у супрацьлеглым выпадку выданне не было б запатрабаваным. Але будзе несправядлівым не назваць і нашых даўніх памочнікаў-партнёраў па газетным цэху: паліграфістаў, паштавікоў, «саюздрукаўцаў», тэлерадыёкампанію «Брэст», на чыіх хвалях раз у тыдзень выходзяць «Раённыя навіны», зрэшты, рэкламадаўцаў. Мы заўсёды побач і разам.
…Журналістыка – зусім асобы свет. Ну не бывае ў рэдакцыйным асяроддзі тэмпературы 36,6 градусаў! Норма тут зашкальвае, таму што ўсё прапускаецца праз душу: лёсы людскія, падзеі сённяшнія, успаміны землякоў пра далёкае мінулае, захаванне, адраджэнне і нараджэнне культурных традыцый, беражлівае стаўленне да гісторыі роднага краю і, самае галоўнае, – любоў да лепшай у свеце зямлі – нашай міралюбівай і квітнеючай Беларусі.
Усе факты асэнсоўваюцца-пераасэнсоўваюцца, кладуцца і на сэрца, і на паперу. Суседзі «веснікаўцаў» прывыклі да таго, што мы гучныя, эмацыянальныя, што «да апошняга патрона» адстойваем уласны пункт гледжання; спрачаемся ў пошуках самага аптымальнага варыянта падачы матэрыялу; што ва ўсіх, хто піша і хто не піша, але таксама робіць газету, свой творчы почырк. Але галоўным законам законаў застаецца аб’ектыўнасць, праўда і толькі праўда, нічога акрамя праўды. Галоўная ўзнагарода для нас – любоў і давер’е чытачоў, надзейнасць партнёраў і ні з чым не параўнальная радасць, з якой ты зноў перад чыстым лістом паперы і… так пачынаецца новы газетны артыкул.

Вольга БАРАДЗІНА.

ФАКТ

«ЛВ» узнагароджаны Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Газета – двойчы пераможца Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая Ліцера», сем разоў станавілася лаўрэатам гэтага конкурсу, пяць разоў святкавала перамогу ў абласным спаборніцтве сярод рэдакцый газет. У «ЛВ» ёсць самыя высокія адзнакі міністэрстваў інфармацыі, эканомікі, Узброеных Сіл, унутраных спраў, Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь,   ГА «Беларускі саюз журналістаў» і «Беларускі саюз жанчын», Нацыянальнага Алімпійскага камітэта, Патрыяршага Экзарха Усяе Беларусі і іншыя.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *