Сакрэты цёплай зімы

Сацыяльны работнік Іна Трысцень і ляхавічанін Іван Хвядчэня.

Ціха патрэскваюць дровы, у хаце цёпла і ўтульна. 86-гадовая Уладзіслава Пірштук са Сваятычаў не нарадуецца: печачка не дыміць і хутка награецца.
– Пасля рамонту аж гудзіць! Старую давялося перакладваць. Такая абноўка стала магчымай у тым ліку і дзякуючы матэрыяльнай дапамозе, выдзеленай адзінокай састарэлай жанчыне са сродкаў фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Фінансавая дапамога з раённага бюджэту для рамонту пячнога ацяплення аказана двум адзінокім пажылым грамадзянам і інваліду II групы на суму больш за 3000 рублёў.
Зіма для пажылых людзей – нялёгкае выпрабаванне. А калі яшчэ родныя жывуць далёка ці наогул адзін на белым свеце – цяжкасці падвойваюцца. І сілы не тыя, і фінансы абмежаваныя. На ўласную бяспеку часам не звяртаюць увагу. Спецыяльна створаныя камісіі ў складзе работнікаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслу-гоўвання насельніцтва, РАНС,
Ляхавіцкага раёна газазабес-пячэння, раённай ветэранскай арганізацыі, старшынь сельвыканкамаў штогод праводзяць абследаванне ўмоў жыцця ветэранаў, адзінокіх грамадзян непрацаздольнага ўзросту, інвалідаў I і II групы. У межах рэалізацыі падпраграмы «Сацыяльная інтэграцыя інвалідаў і пажылых грамадзян» 16-ці адзінокім землякам сёлета ўстаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі і сігнальна-гукавыя ўстройствы.
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Пракапенка ўпэўнены, што аўтаномны апавяшчальнік – вельмі патрэбная рэч – пры паху дыму першым паведаміць пра небяспеку, трэба толькі своечасова мяняць батарэйку.
У скарбонцы спраў па стварэнні бяспечных умоў жыцця – і замена электраправодкі ў дамах трох адзінокіх пенсіянераў. Яе кошт склаў больш за 1700 рублёў.
Людміла і Мікалай Харужыкі са Шчэрбава прывыклі са сваімі праблемамі спраўляцца самастойна, яшчэ і падстаўляць плячо іншым. Але і ім спатрэбілася дапамога ў набыцці паліва на зіму. Звярнуліся ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыкан-кама. Атрымалі мэтавую матэрыяльную дапамогу. Вельмі дарэчны плюс да сямейнага бюджэту, які дазволіў вырашыць пытанне.
Ляхавічанка Роза Міскевіч, нягледзячы на шаноўны ўзрост, без стомы завіхаецца ля дома – у садзе-агародзе клопатаў хапае. Гаворыць, што рух – гэта жыццё. Але ад памочніка не адмаўляецца.
– Сацыяльны работнік Людміла Касцюк для мяне хутчэй сяброўка. Тры разы на тыдзень купляе прадукты, а яшчэ ходзіць у аптэку, аплачвае камунальныя паслугі і г.д. У выхадныя сын прыязджаў з Мінска, уставіў зімовыя рамы, а мы з Людмілай Канстанцінаўнай памылі і ўцяплілі вокны. Выпадзе снег, будзем расчышчаць сцежкі, – расказвае Роза Сулейманаўна і дадае, што для пажылых важна не толькі фізічная дапамога, але і маральная падтрымка: паразмаўляць па душах, параіцца.
Пра ляхавічаніна Івана Хвядчэню клапоцяцца дзеці-ўнукі, але жывуць яны далёка – не наездзішся. Выручае сацыяльны работнік Іна Трысцень. Іван Рыгоравіч гаворыць, што яна
вельмі добразычлівая, уважлівая і спагадлівая. Работа ў яе руках спорыцца. Хутка прыбярэ ў доме, супчыку наварыць. Навучыла і свайго падапечнага кулінарыць. Ён з жаданнем спасцігае новае. Працаваў некалі ў лясгасе, выкладаў механізацыю ў мясцовым тэхнікуме, быў там намеснікам дырэктара па працоўным навучанні. Адзначае, што ўсё ў яго ёсць, а чаго сам не можа зрабіць – дапаможа сацработнік.
На тэрыторыі Ляхавіцкага раёна сацыяльным абслугоўваннем ахоплена 70 населеных пунктаў. Формы ўладкавання пажылых і адзінокіх землякоў пастаянна ўдаска-нальваюцца. Паступова прыжываюцца ў раёне прыёмная і гасцявая сем’і. У дзве прыёмныя сем’і «прыняты» два непрацаздольныя адзінокія грамадзяніны. Сямейную падтрымку, абарону і клопат яны знайшлі ў чужых людзей. Асабліва актуальна такая форма работы якраз зімой, калі трэба абаграваць дом, хадзіць за вадой і г.д. Чужыя адзін аднаму людзі вядуць агульную гаспадарку. У Востраўскім сельсавеце маецца патранатная сям’я, у якой «прапісаны» два пенсіянеры. Дом сумеснага пражывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у Ганчарах добра вядомы нават школьнікам, якія запісалі яго ў свой адрас увагі. Пенсіянерам тут камфортна, бяспечна і ўтульна.
Раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа аказвае медыка-сацыяльныя паслугі пажылым грамадзянам і інвалідам I і II групы. Тры медсястры міласэрнасці робяць падапечным уколы, вымяраюць ціск, набываюць прадукты і г.д. Сёння на іх абслугоўванні знаходзіцца 10 чалавек.
На жаль, бывае так, што спадарожнікам старасці становіцца адзіноцтва. Толькі не для ляхавічан, якія наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых пры ТЦСАН. Яны жывуць сустрэчамі, заняткамі, адкрываюць у сабе таленты і здольнасці. Але галоўнае, што яны разам.
Старшыня раённага савета ветэранаў Мікалай Юруць заўважае, што нашы пенсіянеры вельмі актыўныя і нераўнадушныя людзі. З жаданнем адгукаюцца на прапановы і ініцыятывы ветэранскай арганізацыі. Падарожнічаюць, спаборнічаюць, удзельнічаюць у разнастайных конкурсах.
Падчас акцыі «Моладзь за бяспеку» выратавальнікі,члены беларускай маладзёжнай арганізацыі пажарных-выратавальнікаў, валанцёры Чырвонага Крыжа, каледжскага атрада «Добрыя сэрцы» дапа-магалі адзінокім пажылым землякам ва ўборцы ўраджаю, зграбалі лісце на прысядзібных участках, наводзілі чысціню ў кватэрах, складвалі дровы. Падчас чырвонакрыжаўскай акцыі «Клопат» школьнікі сабралі бульбу для людзей сталага ўзросту.
– Дабрачыннасць, як правіла, не афішыруюць. Але трэба ведаць, што ў цяжкай жыццёвай сітуацыі ніхто не застаецца пакінутым, што заўсёды можа разлічваць на дапамогу ад дзяржавы, – падкрэслівае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *