Мнагадзетнае надвор’е

Боцікі з паўдалоні, тры пары чаравікаў, модныя красоўкі, рознакаляровыя паліто і курткі – гэта карцінка падгледжана не ў дзіцячым садку, а ў мнагадзетнай сям’і ляхавічан Русакевічаў.

…У калідор высыпае чарада хлопчыкаў і дзяўчынак. На руках мамы Ірыны ўтульна двухгадовай Сафійцы. Для трох братоў Дзімы, Вадзіма і Колі яна – маленькая прынцэса.
Пакуль сястра Яна вучыцца на медсястру ў Слонімскім вучылішчы, усёй гэтай дружнай кампаніяй кіруе дзевяцікласніца Маша. А калі ў госці са сваімі сем’ямі прыходзяць дарослыя Алена і Наталля – дом звініць радасным шматгалоссем.
25-гадовая сямейная гісторыя Ірыны і Вячаслава Русакевічаў – пяць дачок і тры сыны. І прыгожае нядаўняе наваселле. Яны яшчэ не могуць паверыць, што зноў (калісьці сям’я перабралася ў райцэнтр са Свяціцы) у іх свой двор, сад, агарод. Напрыканцы жніўня пераехалі з трохпакаёвай кватэры на Інтэрнацыянальнай ва ўласны катэдж па вуліцы Міра.
– Марылі пра дом, каб кветкі вакол яго. Прывыклі працаваць на зямлі, мець гаспадарку. Як мнагадзетная сям’я стаялі ў чарзе на паляпшэнне ўмоў і атрымалі ва ўсіх сэнсах дарагі падарунак – крэдыт на набыццё жылля, які будзе пагашаць дзяржава. Удзячны за такую шыкоўную падтрымку. Можна было выбраць «квадраты» і ў Баранавічах. Засталіся ў Ляхавічах з-за сына, – расказвае Ірына Русакевіч.
Вадзік – дзіця асаблівае, якому патрабуюцца спецыяльнае навучанне, павышаная ўвага і дапамога. Разгаварыць хлопчыка змаглі педагогі цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Раней зусім не размаўляў, а зараз нават умее лічыць, піша. Для кагосьці гэта не дасягненне, для Вадзіма – вялікая праца. Родныя радуюцца кожнаму яго поспеху, хвалююцца і падтрымліваюць. Два разы на тыдзень ходзіць на ўрокі ў СШ № 1, у астатнія дні займаецца з настаўнікам дома.
Вадзік усміхаецца і цягне паказаць дамашніх любімцаў: папугая і чарапашак. Пяцігадовы Коля за іх у адказе. А яшчэ ёсць кацяня Мурка.
Раніцай першай прачынаецца мама. Спяшаецца сабраць і адвесці Міколку ў дзіцячы сад. Пасля гатуе сняданак для сваіх школьнікаў. Яны і самі малайцы. Не дзеляць абавязкі, кожны стараецца праявіць сябе. Маша сапраўдная гаспадыня: нават торт сама спячэ. Хлопцы бяруць прыклад з бацькі, які ўмее рабіць калі не ўсё, то практычна ўсё. У новым доме завялі гаспадарку – курэй і трусоў. Вясной зоймуцца агародам, пасадкай пладовых дрэў, абнаўленнем вінаградніка.
У кожнага акрамя агульных спраў ёсць і ўласныя захапленні. Дзімка займаецца футболам, гандболам, разьбой па дрэве. Маша танцуе, Вадзік і Коля «ўзводзяць» шматпавярховікі з канструктара, прыдумваюць мадэлі машын. Мама, дарэчы, не «прывязаная» да кухні і пральнай машыны – памочнікаў хапае. Творчая натура, яна стварае прыгажосць з прыроднага матэрыялу, тканіны і г.д. У кутку прымасцілася швейная машынка – таксама мамін інструмент. Шые, вяжа, вышывае. Усё гэта ўмее і Маша.
У 2011 годзе Ірына Іосіфаўна была ўзнагароджана ордэнам Маці.
Кватэра, дом – не адзіная дапамога дзяржавы. Яшчэ і сямейны капітал, бясплатнае харчаванне дзяцей у школе і 50-працэнтная скідка на яго ў дзіцячым садзе, ільготы на аплату падручнікаў, камунальных паслуг, падатковыя і г.д. Яшчэ адна дзяржаўная падтрымка – бясплатныя прадукты харчавання на малодшую Сафійку.
Надвор’е ў сям’і Ірыны і Вячаслава мірнае і сонечнае, а мары самыя што ні ёсць жыццёвыя: каб дзеці выраслі дастойнымі людзьмі. А тыя пішуць пісьмы Дзеду Марозу і вераць, што іх жаданні абавязкова спраўдзяцца: «няхай мама і тата будуць здаровыя…», «з’ездзіць у Карэю і стаць прафесійным кандытарам…», «мець «паршэ» ці чорны «нісан»… дом з двума паверхамі… планшэт…».
Добры Дзядуля Мароз, завітай у госці на вуліцу Міра!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара.