Ільняное заўтра абмяркоўвалі на нарадзе ў Прэзідэнта

Во время посещения Оршанского льнокомбината

Кіраўнік беларускай дзяржавы  Аляксандр Лукашэнка патрабуе большай  аддачы і эфектыўнасці ў ільняной галіне. Аб гэтым ён заявіў 30 лістапада ў час наведвання Аршанскага льнокамбіната.
Прэзідэнту далажылі пра сітуацыю ў галіне ў цэлым у свеце, а таксама лакальныя поспехі і няўдачы. На думку беларускага лідара, трэба вырошчваць больш лёну, а не закупляць за мяжой. Была пастаўлена канкрэтная задача: гэта галіна на працягу трох гадоў павінна быць мінімум у два разы больш эфектыўнай.

Не толькі надвор’е вінавата

Пры наведванні прадпрыемства Прэзідэнт звярнуў увагу на недастатковыя аб’ёмы атрымліваемай айчыннай ільняной сыравіны, а таксама на яе якасць. На мадэрнізаваным Аршанскім ільнокамбінаце застаюцца незагружанымі амаль трэць магутнасцей, а частку льновалакна для перапрацоўкі даводзіцца закупляць за мяжой, напрыклад, у той жа Францыі.
Віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы заявіў, што на планы па лёне ў бягучым годзе паўплывалі неспрыяльныя ўмовы надвор’я. Аднак Прэзідэнт быў непахісны: ёсць недапрацоўкі, якія не выпраўлены, трэба не толькі пра дзяржзаказ думаць, але і пра эфектыўную вытворчасць.
Кіраўніку дзяржавы паказалі мадэрнізаваныя цэхі, прадэманстравалі магчымасці камбіната і прадукцыю. У завяршэнні наведвання завода Прэзідэнт даў шэраг канкрэтных даручэнняў па далейшым развіцці вытворчасці, асваенні і пашырэнні новых відаў прадукцыі.

Перашкоды –  пераадольваць

Далей адбылася нарада па пытаннях развіцця льнаводства і перапрацоўкі лёну.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што рашэнне аб развіцці ў краіне льняной галіны было прынята даўно, і сёння позна ўжо спрачацца, ці правільным яно аказалася. «Я лічыў, лічу, а цяпер  і вы пераканаліся ў тым, што мы зрабілі правільна», – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым, паводле яго слоў, работа да гэтага часу наладжана неэфектыўна. «Любіць  трэба сваю краіну. І любоў павінна выяўляцца не ў балбатні і словах, а ў справах», –
сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён нагадаў, што ў краіне яшчэ некалькі гадоў назад вызначыліся з тэхналогіяй вырошчвання, аптымальнымі тэрмінамі сяўбы і ўборкі лёну, з падыходамі да работы Аршанскага льнокамбіната і тэхнічнага перааснашчэння льнозаводаў і льнасеяльных арганізацый. Але сітуацыя ў ільногаліне не радасная.
Прэзідэнт паставіў пытанні, чаму па-ранейшаму не выконваюцца тэхналагічныя рэгламенты па падборы глеб і іх апрацоўцы, што перашкаджае сеяць лён і паднімаць ільнотрасту ў агра-тэхнічныя тэрміны і чаму для закладкі таварных пасеваў выкарыстоўваецца няякаснае насенне. Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся, якая ў краіне праведзена работа па стварэнні машын для ўсяго тэхналагічнага цыкла, чаму ў ільнасеяльных арганізацый да гэтага часу няма неабходнай тэхнікі для вырошчвання і ўборкі лёну. «Што перашкаджае поўнай загрузцы вытворчых магутнасцей нашых ільнозаводаў? Чаму яны працуюць неэфектыўна, а іх мадэрнізацыя звялася да банальнай замены зношаных вузлоў і агрэгатаў? У чым прычына адсутнасці якаснага льновалакна ў неабходным аб’ёме і невыканання дзяржзаказу?» –узняў шэраг праблемных пытанняў Прэзідэнт.
Задача нарады была аб’ектыўна вызначыць праблемныя пытанні, каб вывесці нарэшце льняную галіну на эфектыўны ўзровень работы.
Кіраўнік дзяржавы даручыў за наступны год канчаткова вызначыцца, колькі ў краіне павінна быць ільнозаводаў, зыходзячы з пасяўных плошчаў.

Аднавіць  і працаваць

Віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы прызнаў, што выказаная крытыка наконт адсутнасці дастатковай колькасці айчыннай сыравіны і прэтэнзіі да яе якасці справядлівыя. Разам з тым распрацаваны доўгатэрміновы механізм выдзялення зямельных плошчаў для вырошчвання лёну-даўгунцу, прыняты неабходныя кадравыя рашэнні, вызначаны сыравінныя зоны для вырошчвання лёну і комплекс машын. Сваё слова сказала і навука – атрыманы новыя раянаваныя высокаэфектыўныя сарты. Практыка асобных гаспадарак і льнозаводаў паказвае, што толькі дакладнае выкананне тэхналагічных працэсаў на ўсіх этапах дазваляе гарантавана разлічваць на высокі вынік у цэлым па краіне, нават нягледзячы на ўмовы надвор’я.
Падрабязна ў час мерапрыемства разглядалася і пытанне навуковага забеспячэння ў ільнаводстве. Усе рашэнні наконт гэтага прыняты ўжо, і шмат у чым справа за канкрэтнымі кіраўнікамі і выканаўцамі на месцах. Тое ж самае датычыцца работы льнонасенстанцый у абласцях.
Кіраўніку дзяржавы было даложана аб стварэнні айчынных машын для перапрацоўкі лёну. На парадку дня ў тым ліку кааперацыя з вядомым бельгійскім вытворцам такой тэхнікі. Аднак тэхнічныя рэсурсы не заўсёды выкарыстоўваюцца эфектыўна і па-гаспадарску. «Уся неабходная тэхніка з улікам двухзменнай і трохзменнай работы ёсць. Проста яна выкарыстоўваецца бязладна. Трэба аднавіць тое, што пад плотам сёння кінута, і працаваць трэба», – заўважыў Прэзідэнт.
Закраналіся ў Оршы і тэмы закупачных цэн на льновалакно, анансавання, забеспячэння захаванасці ўраджаю льнотрасты і атрыманай з яе сыравіны.
У цэлым размова ідзе аб паглыбленай перапрацоўцы льняной сыравіны, атрыманні шырокага спектра новай запатрабаванай у Беларусі і за мяжой прадукцыі. Кіраўніку дзяржавы падрабязна далажылі аб сітуацыі на камвольным камбінаце ў пытанні развіцця вытворчасці і некаторых цяжкасцях з прасоўваннем тканін на замежныя рынкі. Прэзідэнт у сувязі з гэтым даў неабходныя даручэнні.
Акрамя функцыянавання Аршанскага льнокамбіната на нарадзе былі абмеркаваны і пытанні далейшага якаснага развіцця як горада, так і раёна ў цэлым.

Па інфармацыі БЕЛТА.

Фота БЕЛТА