У роўных умовах

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 снежня прыняў удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Санкт-Пецярбургу. Лідары краін ЕАЭС у вузкім і расшыраным фармаце абмеркавалі рэалізацыю лічбавага парадку дня ў арганізацыі, далейшае развіццё інтэграцыйных працэсаў, размеркаванне ўвазных мытных пошлін паміж дзяржавамі, фарміраванне агульнага рынку газу, нафты і нафтапрадуктаў.
Кіраўнік беларускай дзяржавы пацвердзіў гатоўнасць краіны надаць яшчэ большую дынаміку развіццю супрацоўніцтва ў фармаце Еўразійскага эканамічнага саюза.
«Сёння мы падводзім вынікі агульнай работы ў фармаце саюза за гэты год і вызначаем арыенціры ўзаемадзеяння на наступны. Што датычыцца перыяду, які завяршаецца, то ён з’яўляецца даволі неадназначным як з палітычнага, так і з эканамічнага пункту гледжання», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Сярод пазітыўных дасягненняў Прэзідэнт адзначыў уступленне ў сілу дагавора аб Мытным кодэксе ЕАЭС, надзяленне Малдовы статусам наглядальніка. Дзяржавы – члены саюза таксама падпісалі часовае пагадненне, якое вядзе да ўтварэння зоны свабоднага гандлю з Іранам, і пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з Кітаем.
«Беларусь разлічвае, што нормы, замацаваныя ў гэтых дакументах, будуць рэалізаваны ў поўнай меры. Кожны з іх прымаўся з задзелам на будучыню і з разлікам на значны эканамічны эфект», – заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым ён адзначыў, што існуюць важныя пытанні, якія да гэтага часу застаюцца нявырашанымі. Аляксандр Лукашэнка спыніўся на кожным з іх і прадставіў пазіцыю беларускага боку па іх вырашэнні.
«Я вымушаны пра гэта гаварыць, але буду гаварыць не з пункту гледжання стагнання і рыдання, а з пункту гледжання таго, што мы дамовіліся, але не зрабілі. І з пункту гледжання таго, што наш саюз (на шчасце, я быў ля вытокаў яго стварэння) утвараўся на пэўных свабодах перамяшчэння рабочай сілы, капіталаў, паслуг, тавараў. І самае галоўнае, аб чым мы дамаўляліся, ствараючы нашу адзіную эканоміку, што ўсе суб’екты гаспадарання і нашы людзі будуць мець роўныя ўмовы. Калі такіх роўных умоў няма, то няма і саюза», – адзначыў беларускі лідар.
Ён канстатаваў, што работа па ўстараненні бар’ераў, выключэнняў і абмежаванняў на рынку ЕАЭС ідзе недапушчальна марудна. «Як паказала практыка, важна не толькі ўстараняць перашкоды, але і паралельна ствараць умовы, якія выключаюць магчымасць іх паўторнага ўзнікнення. У сувязі з гэтым прапаную прадаставіць нашай Еўразійскай эканамічнай камісіі паўнамоцтвы прымаць рашэнні ў выпадку паўторнага ўвядзення якой-небудзь дзяржавай-удзельніцай абмежаванняў або прадаўжэння ўжо дзеючых», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На думку беларускага боку, гэта не закране нацыянальныя інтарэсы дзяржаў, пры гэтым дасць магчымасць выключыць пратэкцыянізм, які наносіць сур’ёзны ўрон інтэграцыйным працэсам.
Беларусь выступае за забеспячэнне ўсёабдымнага і безумоўнага выканання ўсімі дзяржавамі ЕАЭС саюзных нормаў і ўзятых на сябе абавязацельстваў. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што бакі дамовіліся да 2025 года стварыць агульныя рынкі газу, нафты і нафтапрадуктаў.
«Мы абавязаны выканаць усё ў намечаныя тэрміны і забяспечыць работу саюза ва ўмовах стабільнай і справядлівай паліўна-сыравіннай палітыкі, – заявіў Кіраўнік дзяржавы. – У саюзніцкіх адносінах няма інтарэсаў пастаўшчыкоў і спажыўцоў энергарэсурсаў. Ёсць цэласная сістэма – Еўразійскі эканамічны саюз. І пад гэтым мы канцэптуальна і канкрэтна падпісаліся».
Лічбавізацыя эканомікі ў краінах ЕАЭС прадметна абмяркоўвалася кіраўнікамі дзяржаў на сустрэчы ў вузкім фармаце. Перад краінамі стаяць амбіцыйныя задачы па пераходзе на сучасныя тэхналогіі і мадэлі вытворчасці. «Ад таго, наколькі зладжана мы зможам аб’ядноўваць патэнцыял нашых дзяржаў праз лічбавыя рашэнні, будзе залежаць эфектыўнасць інтэграцыі і ў цэлым будучыня саюза, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Беларусь гатова да паўнацэннага ўдзелу ў рэалізацыі праектных ініцыятыў лічбавага парадку дня ЕАЭС». У першую чаргу размова ідзе аб лічбавым гандлі і кааперацыі, электроннай лагістыцы, фарміраванні лічбавых транспартных калідораў, развіцці дакладных тэхналогій у сельскай гаспадарцы і прамысловасці.
На парадак дня саміту ЕАЭС таксама было ўнесена пытанне аб развіцці кааперацыі ў сферы прадастаўлення касмічных і геаінфармацыйных паслуг на аснове нацыянальных крыніц даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важнасць таго, каб краіны ЕАЭС ужо на цяперашнім этапе рабілі дзейсныя крокі на шляху да фарміравання паўнацэннага агульнага рынку саюза, у тым ліку ў сферы цэнаўтварэння на энерганосьбіты. Наконт гэтага на адкрыцці пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Санкт-Пецярбургу адбылася дыскусія Кіраўніка беларускай дзяржавы і Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.
Па завяршэнні саміту Аляксандр Лукашэнка даў кароткае інтэрв’ю расійскім журналістам.
Па матэрыялах БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.