Бізнес без межаў. Істотную долю экспарту раёна забяспечвае менавіта малы бізнес

Для таго, каб адкрыць сваю справу, патрэбен стартавы капітал. У выглядзе грошай таксама, але патрэбны і рашучасць, спецыфічныя веды, настойлівасць, уменне пралічваць і рэалізоўваць на практыцы свае ідэі і праекты.
Асоб з дзелавым наборам якасцяў не так ужо і шмат, але нямала, мяркуючы, у тым ліку, і па «бізнес-паляне» Ляхавіччыны, пра што «ЛВ» расказаў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй НАВАГРАН.

– Андрэй Тадэвушавіч, як бы вы коратка ахарактарызавалі сферу прадпрымальніцтва ў нашым раёне?
– На Ляхавіччыне прыватны сектар прадстаўлены гандлем, сэрвіснымі структурамі, вытворчымі прадпрыемствамі. Традыцыйна ў індывідуальных прадпрымальнікаў гандлёвы інтарэс. І вельмі радуе, што апошнім часам актывізаваліся бізнесмены-вытворцы прамысловай і не толькі прадукцыі. Іменна за вытворчасцю бачыцца найбольшая камерцыйная перспектыва: як для бізнес-праектаў, так і для тэрыторый, дзе яны рэалізуюцца.
– Ёсць сэнс спыніцца на гэтай тэндэнцыі больш падрабязна.
– Колькасць зарэгістраваных у раёне суб’ектаў прадпрымальніцтва зменшылася з 513 у мінулым годзе да 501 на сёлетнюю аналагічную дату. У адпаведнасці з Дэкрэтам № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва», для ажыццяўлення пэўных відаў камерцыйнай дзейнасці ліцэнзія ўжо не патрабуецца – дастаткова простага ўведамлення ў мясцовыя органы ўлады. Інакш кажучы, рэгістрацыя не абавязкова.
Бізнес шукае, дзе і як лепш. Думаю, пад гэта правіла можна падвесці той факт, што ў 2018 годзе ў раёне з’явіліся дзве новыя вытворчыя структуры: таварыствы з абмежаванай адказнасцю «Акусцікмаш» і «Вітаклінік». Яшчэ два ТАА перарэгістраваліся: ТАА «Альтэрнатывалес» з Мінскай вобласці і ТАА «Матбудматэрыялы» з Гродзенскай.
– Некаторыя кампаніі маюць экспартны патэнцыял.
– Такія, як ТАА «Метлітэкспарт», і «Джэнтры» ажыццяўляюць пастаўкі сваёй прадукцыі ў тым ліку і за межы Беларусі. Сферай іх вытворчых інтарэсаў з’яўляецца дрэваапрацоўка, а пелетная дошка служыць у якасці экспартнай таварнай пазіцыі. Але выгада ад прыходу ў раён вытворцаў яшчэ і ў тым, што створаны новыя працоўныя месцы і размяшчаюцца яны на плошчах, якія апошнім часам не выкарыстоўваліся, за што прадугледжаны падатковыя налічэнні ў павышаным памеры. Цяпер не будаўнікі плацяць, а ім. І ў завяршэнне тэмы дрэваапрацоўкі адзначу ТАА «Белпрамтрэйдынг». Акрамя дошкі, тут і звычайныя дровы зрабілі экспартным таварам. Пачалося гэта не сёння, але апошнім часам асабліва актывізавалася.
– А хто з прыватнікаў з’яўляецца найбольш паспяховым экспарцёрам?
– Найбольш паспяхова ў плане экспартнай выручкі сёння выглядае ТАА «Мясакамбінат Ляхавічы». Прыкладна на яго ўзроўні знаходзіцца малочны завод, знешнегандлёвыя паказчыкі якога апошнім часам некалькі зменшыліся. Экспартную дынаміку дэманструе ТАА «Фермент». Нядаўна, напрыклад, размешчанае ў ваколіцы Флер’янова прадпрыемства адкрыла для сябе Узбекістан.
Дарэчы, таксама ў Флер’янове ў гэтым годзе пачало працаваць яшчэ адно прадпрыемства – ТАА «Навукова-вытворчы цэнтр «Белбіязім», якое пачынае наладжваць выпуск і збыт кармоў і біядабавак да кармоў для сельскагаспадарчай жывёлы. Яно таксама нацэлена на экспарт.
– Калі не сакрэт, чым займаюцца «дэбютанты» раённага малога бізнесу?
– «Вітаклінік» спецыялізуецца на «лячэнні» аўтамабіляў, тэхнічным абслугоўванні аўтатранспарту, яго рамонце. «Акусцікмаш» таксама мае дачыненне да аўтамабіляў. Яго прадукт – цеплагукаізаляцыйныя пліты, а сярод дзелавых партнёраў значацца нават гіганты айчыннага машынабудавання МАЗ, БелАЗ.
Паспяховымі ці дастаткова паспя-ховымі ў тым ліку і на замежным рынку з’яўляюцца «Ляхавічыдрэў-Экспарт», «Кам-пазітная Кампанія», «Трансэлектракамплект». Нягледзячы на не самую спрыяльную сёння дзелавую кан’юнктуру, апошняе прадпрыемства не спыняецца ў сваім развіцці. Прырасло «дачкой» пад назвай ПП «Трансэлектрабуд». На плошчах былога завода ЖБВ фактычна гатова стартаваць новая вытворчасць. Манціруецца сучаснае высокапрадукцыйнае абсталяванне пад выраб электрычнага кабеля.
– Якая доля прыватнага бізнесу ў агульна-эканамічным складніку Ляхавіччыны?
– Адкажу так: прыватная ініцыятыва мае зусім не прыватную значнасць для жыхароў раёна. Прыкладна трэцюю частку райбюджэту фарміруе іменна малы бізнес.
– Што ў перспектыве, якія інавацыі, свежыя праекты могуць стаць рэальнасцю бліжэйшага часу?
– Каб дасягнуць галоўнай мэты, а гэта – павышэнне дабрабыту жыхароў горада і раёна, улада і бізнес павінны рухацца паралельнымі курсамі. Да таго і імкнёмся. Для наладжвання справы патэнцыяльным прадпрымальнікам прапануюцца пустуючыя будынкі і збудаванні. Вельмі часта па сімвалічнай цане з абавязкам арганізацыі камерцыйнай структуры. На тэрыторыі раёна вызначаны дзве інвестыцыйныя пляцоўкі: у Тухавічах і райцэнтры непадалёку ад завода «Металапластмас». Участкі чакаюць інвестараў, гатовых інвеставаць у бізнес-праект. Але жадаючых узяцца за наладжванне вытворчасці на інвестпляцоўках, на жаль, пакуль няма.
Што ёсць? Ужо прайшоў экспертызу праект на будаўніцтва ў квартале вуліцы Інтэрнацыянальнай супермаркета «Санта-рытэйл». Гандлёвыя плошчы будучага магазіна раскінуцца прыкладна на васьмістах квадратных метрах. Тэрмінам рэалізацыі праекта значыцца сярэдзіна наступнага года. Прыкладна ў гэты ж час у Ляхавічах чакаецца, што запрацуе яшчэ адзін рытэйлер. ЗАТ «Рытэйлактыў» (г. Баранавічы) выкупіла і бярэцца ўпарадкаваць пад бізнес-аб’ект будынак былой сталовай аграрнага каледжа. Праектам прадугледжана арганізацыя структуры «два ў адным», калі разам з крамай размесціцца аб’ект грамадскага харчавання.
Спадзяёмся, і на тое ёсць падставы, што пасля завяршэння працэдуры санацыі на свой планава-вытворчы ўзровень выйдзе ТАА «ТМТ». Унікальная пазараённага значэння вытворчасць проста абавязана быць паспяховай.
Гутарыў Іван КАВАЛЕНКА.