У Ляхавічах 9 снежня ў СДЮШАР упершыню адчыніць дзверы «ТатаЗала»

Ці часта таты актыўна адпачываюць разам са сваімі дзецьмі? Прызнайцеся: за штодзённымі клопатамі далёка не ўсе знаходзяць для гэтага жаданне і час. А між тым татаў прыклад для хлопчыкаў і дзяўчынак – без перабольшання, самы аўтарытэтны. У тым ліку ў далучэнні да здаровага ладу жыцця.
БРСМ чарговы раз прапанаваў арыгінальны праект, які сёння ўжо рэалізуецца і ў абласных цэнтрах, і ў маленькіх гарадках. А 9 снежня  да яго далучаюцца Ляхавічы. У 17 гадзін у СДЮШАР упершыню адчыніць дзверы «ТатаЗала» (такую крэатыўную назву атрымала гэта ініцыятыва).
Райкам БРСМ і спартшкола запрашаюць татаў з дзецьмі разам карысна і весела правесці вольны час. Размінка, гульні, секцыі па розных відах спорту – месца і цікавы занятак знойдуцца для ўсіх. Што немалаважна – заняткі абсалютна бясплатныя. Калі ёсць жаданне, можна ўзяць з сабой і свой спортінвентар.
А пакуль таты будуць займацца з маленькімі гарэзамі, мамы змогуць адпачыць, прысвяціць час сабе ці любімай справе. Згадзіцеся, выдатная ідэя!
«ТатаЗала» чакае і вас!
Марыя ЛУТАВІНАВА,
першы сакратар райкама БРСМ.