Снегавік, што саграе
Не адзін тыдзень рыхтаваліся: складалі сцэнарый, самі шылі касцюмы, рэпеціравалі, збіралі падарункі. Такая мітусня з дня ў дзень назіралася ў аддзяленні дзённага знаходжання для грама-дзян пажылога ўзросту ТЦСАН. І вось у мінулы чацвер тутэйшыя актывісты паспяшаліся ў цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі на сустрэчу з асаблівымі дзецьмі, а таксама хлопчыкамі і дзяўчынкамі, якія знаходзіліся на лячэнні ў райбальніцы. Дарослыя паказалі дзятве навагодняе казачнае прадстаўленне і падарылі салодкія пачастункі ў прыгожых мяшочках, што пашылі самі.
Гэта не першая сустрэча ў межах акцыі «Падары цяпло», ініцыяванай раённай арганізацыяй Чырвонага Крыжа і аддзяленнем дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Крыху раней наведвальнікі аддзялення правялі для юных ляхавічан майстар-клас па лепцы снегавіка… з пенапласту. Чаму снегавіка? Усё проста. Менавіта яго скульптура з яловых галінак з дапамогай камунгаса раскватаравалася па адрасе вул. Леніна,54. І гэты Снегавік не звычайны, а чароўны. Можна будзе напісаць яму ў пісьме пра запаветнае жаданне і апусціць у паштовую скрыню, устаноўленую побач.
А 20 снежня адбудзецца свята «Адкрыццё Снегавіка». Запрашаюцца ўсе, хто верыць у цуды.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.