Мы з «Першацвета»
Школьнае лясніцтва «Першацвет» аб’яднала агульнымі інтарэсамі і хлопчыкаў, і дзяўчынак 5-8 класаў Тальмінавіцкай СШ пад кіраўніцтвам настаўніцы Святланы Ходар.
У іх, дарэчы, ужо ёсць свой «сямейны» фотаальбом добрых спраў. Вось разам з настаўнікамі рабяты майструюць шпакоўні і развешваюць іх на дрэвах – гэта акцыя «Прылятайце ў Беларусь». Старшакласнікі і работнікі Мядзведзіцкага лясніцтва абгароджваюць мурашнік – яшчэ адна старонка з гісторыі школьнага лясніцтва. У месцах, дзе растуць першацветы, рабяты ўстанаўліваюць шыльды з напамінам: «Беражыце іх». Вясной саджалі елкі і бярозкі ў лесе каля Смаленікоў. Наогул, за гады існавання лясніцтва пасадзілі не адну сотню дрэў. Напрыканцы кастрычніка ўдзельнічалі ў рэспубліканскай добраахвотнай акцыі «Чысты лес»: прыбіралі смецце, падрыхтоўвалі дэндрапарк да зімы.
У лесе прыгожа ў любую пару года. Люблю збіраць ягады, слухаць, як спяваюць птушкі. Шкада толькі, што некаторыя людзі пасля адпачынку пакідаюць там смецце. Сорамна за іх…
Зусім па-даросламу разважае шасцікласніца Паліна Скубята. Яна – адна з 15 пяці-васьмікласнікаў, якія кожны тыдзень па серадах наведваюць заняткі ў школьным лясніцтве. Іншы раз да іх на «агеньчык» зазіраюць старэйшыя сябры адзінаццацікласнікі, якія ў свой час таксама прайшлі школу юных лесаводаў. А «галоўны ляснічы» школы Максім Варанец мінулай вясной стаў дыпламантам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Экасвет».
– Заняткі ў нашым аб’яднанні захапляюць хлопчыкаў і дзяўчынак. Знаёмімся з ляснымі насельнікамі, ходзім на экскурсіі, займаемся да-следчай работай. Справа патрэбная, – упэўнена Святлана Ходар.
Святлана Іосіфаўна – настаўніца пачатковых класаў і геаграфіі, другі год узначальвае школьнае лясніцтва, пераняла эстафету ад калегі Эміліі Федаровіч.
– Я першы год у лясніцтве. Люблю прыроду. Летам магу цэлы дзень назіраць за мурашамі. Ведаю, што трэба беражліва адносіцца і да лесу, і да рэчкі. Мы былі на пікніку, палілі касцёр, пяклі бульбу, а пасля ўсё чысценька прыбралі, – расказвае шасцікласніца Вікторыя Страковіч.
Сярод сёлетніх пераможцаў рэспубліканскага юніёрскага ляснога конкурсу «Квітней, мой лес» – вучаніца Тальмінавіцкай СШ Алёна Васілеўская. У намінацыі «Экалогія лясных раслін» актыўная ўдзельніца школьнага лясніцтва атрымала дыплом ІІІ ступені і падарунак за работу аб даследаванні распаўсюджвання белай амялы ў наваколлі аграгарадка Тальмінавічы.
Хлопчыкі і дзяўчынкі заўжды рады, калі на заняткі прыходзяць работнікі Мядзведзіцкага лясніцтва.
– Лясгас і ў прыватнасці Мядзведзіцкае лясніцтва актыўна падтрымліваюць падрастаючую змену лесаводаў з Тальмінавіцкай школы. Рабяты дапамагаюць нам у добраўпарадкаванні лясных тэрыторый і падчас прафілактычных мерапрыемстваў, якія садзейнічаюць ахове лесу. Разам мы робім важную справу, –падкрэслівае намеснік дырэктара Ляхавіцкага лясгаса Наталля Адаменка.
Работа школьнага лясніцтва – частка экалагічнага накірунку дзейнасці гэтай навучальнай установы. Менавіта тут па маршруце Тальмінавічы-Савейкі праходзіць экалагічная сцежка працягласцю пяць кіламетраў, на ёй сем прыпынкаў, на якіх праводзяцца заняткі па вывучэнні розных відаў раслін, экалагічныя практыкумы, экскурсіі, адпрацоўваюцца навыкі паводзін на прыродзе.
– «Першацвету» ўжо 14 гадоў. Пра яго запатрабаванасць і актуальнасць гаворыць той факт, што некаторыя былыя члены школьнага лясніцтва, нашы выпускнікі розных гадоў прадоўжылі сваю адукацыю ў ВНУ па спецыяльнасцях «лясная гаспадарка» і «экалогія», – расказвае дырэктар Тальмінавіцкай СШ Святлана Арлоўская.
Зіма ўступае ў свае правы. Каб птушкі, якія кватаруюць у аграгарадку Тальмінавічы, не галадалі, пра сталоўку на свежым паветры паклапаціліся тутэйшыя юныя лесаводы. Уласнымі рукамі з дапамогай настаўнікаў і бацькоў зрабілі больш за дзясятак кармушак.
– З татам вырашылі зрабіць вялікую кармушку, каб на ёй цесна не было некалькім птушкам. Буду штодня падсыпаць зерне, павешу сала, – раскрывае сакрэты птушынага меню Сямён Грачыха.
У школе рыхтуюцца да навагодніх святаў, адзін з ранішнікаў адбудзецца ў лесе: вучні і педагогі ўпрыгожаць агароднінай і садавінай елку для лясных насельнікаў і пажадаюць ім прыемнага апетыту.
Галіна КАНЬКО. Фота аўтара і з архіва Тальмінавіцкай СШ.