Генеральная снежная

Надзейная прыкмета: сыпле снег – на дарозе хутка з’явіцца снегаўборачная тэхніка. І не мае значэння, колькі часу на гадзінніку – глыбокая ноч ці світанак: дарога павінна быць бяспечнай. Чацвёртыя суткі дарожнікі змагаюцца са снежнымі ападкамі. Задзейнічаны трактары, аўтагрэйдары, і пагрузчыкі і г.д. – усяго дзесяць адзінак тэхнікі ДРБУ-200. Уборка дарог мясцовага значэння пачынаецца па адпрацаванай схеме: расчышчаюць асноўныя трасы раёна, пракладваюць шлях прыгарадным і школьным аўтобусам, пад’езд да бальніц і дзіцячых садкоў… Без увагі не застаюцца нават аддаленыя хутары. Пасля, каб не было слізка, «прыпраўляюць» праезную частку супрацьгалалёднымі сродкамі.
У Ляхавічах на вуліцы выйшлі камунгасаўскія трактары, шчыруюць яны не толькі ў цэнтры, расчышчаюць і дваровыя тэрыторыі. У гаспадарцы камунгаса каля 40 кіламетраў дарог з цвёрдым пакрыццём, якія ў такое надвор’е патрабуюць пасыпкі. У галалёд апрацоўваецца пясчанай сумессю і гравійка, не застаецца ў баку прыватны сектар. Асобны клопат – пешаходныя пераходы.
Каб гараджане не мясілі снег, задзейнічана восем транспартных адзінак і не менш за 14 працаўнікоў. Начальнік участка добраўпарадкавання Уладзімір Несцяровіч тлумачыць: каб ачысціць увесь горад, патрабуецца час. Але паступова снег убіраецца. За гэтыя пару дзён, напрыклад, з гарадскіх вуліц камунальнікі вывезлі каля 700 кубаметраў снегу.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.