Навучэнка Малагарадзішчанскай школы Ляхавіцкага раёна ўзнагароджана дыпломам I ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
Навучэнка Малагарадзішчанскага ВПК “Дзіцячы сад-сярэдняя школа” Дар’я Наскавец узнагароджана дыпломам I ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
20-21 снежня ў Мінску ў рамках праекта грамадзянска-патрыятычнага праекта “Збяры Беларусь у сваім сэрцы” прайшоў рэспубліканскі форум юных экскурсаводаў. У форуме прынялі ўдзел больш за сто чалавек з усёй краіны. Падчас конкурсу юных экскурсаводаў “З чаго пачынаецца Радзіма…” яны цікава расказвалі пра сваю малую радзіму і прэзентавалі экскурсійныя маршруты свайго рэгіёна.
Сярод канкурсантаў ярка адзначылася наша Даша. Яна прэзентавала экскурсійны маршрут, у які ўключаны Ляхавіцкі замак, Грушаўка і Савейкі. Прыгожа расказвала сямікласніца і пра Ляхавічы сучасныя.
Журы адзначыла крэатыўнасць і арыгінальны падыход у раскрыцці тэмы. Педагог- арганізатар Надзя Лапіч падышла вельмі адказна да падрыхтоўкі школьніцы: разам з Дашай яны распрацоўвалі маршрут па родным краі з выкананнем усіх экскурсійных патрабаванняў. У ім прадугледжаны пераходы ад аднаго аб’екта да другога, падрыхтаваны пашпарт, складзена нітка маршрута і г.д. Маецца і партфель эксурсавода, у камплекце да якога фотаздымкі, дэманстрацыйныя карткі і інш. Вялікую ўвагу і інтарэс выклікаў у журы і прысутных макет Ляхавіцкай фартэцыі, спецыяльна зроблены педагогам да конкурсу.
Дар’я Наскавец стала лепшай ва ўзроставай катэгорыі з 14 гадоў.
Фота з архіва школы.