Усім ёлкам ёлка! Такой пушыстай прыгажуні пазайздросціць хто заўгодна. Чым не сталічная штучка?!

 

Снег кружыўся, лятаў, упрыгожваў горад і ахутваў казкай наваколле. А на плошчы Леніна ў райцэнтры перадсвяточная мітусня – дзеці, дарослыя ў прадчуванні цуда. Як не паверыць у яго, калі пасля магічнага заклінання зазіхацела, заблішчэла рознакаляровымі агнямі пушыстая прыгажуня. І надвор’е сёлета пастаралася – снежань сапраўды снежны, і гэта здорава!   Традыцыйная «Калядная саната» пачалася!

Шчыра вітаў землякоў з надыходзячымі святамі Нараджэння Хрыстова і Новым годам старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі.
Увогуле, у гэты святочны вечар віншаванні і пажаданні моцнага здароўя, шчасця, радасці, дабрабыту і выдатнага настрою, спраўджвання запаветных мар гучалі вельмі часта.
Пачаткам свята стала касцюміравана-тэатральнае дэфіле казачных герояў і, канешне, сімвала надыходзячага 2019 года. З імі ў кампаніі на машыне і пешшу Дзяды Маразы са Снягуркамі, персанажы любімых казак і мультфільмаў.
І гэта не ўсе прыемныя моманты і сюрпрызы, якія чакалі ляхавічан і гасцей вечарам у мінулую пятніцу на традыцыйным адкрыцці галоўнай ёлкі раёна «Калядная саната». Свята атрымалася арыгінальным, стварыла ўсім бадзёры навагодні настрой. Землякі весяліліся, з задавальненнем удзельнічалі ў конкурсах, віктарынах, танцавалі пад песні ў выкананні самадзейных артыстаў, вадзілі карагоды, а хлопчыкі і дзяўчынкі расказвалі вершы. «Калядная саната» запаліла зялёнае святло для навагодніх ранішнікаў, маскарадаў і карнавалаў. Яны, як і акцыя «Нашы дзеці», святочна крочаць па краіне.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА. БОЛЬШ ФОТО ТУТ.