Дзякуй, 2018-ты!

Мікалай ТАРЛЮК, дырэктар ДП «Нача»:
– Працавалі, намагаліся, стараліся. Усім калекты-вам – нашай зладжанай камандай. Аграрны расклад не дапускае палёгкі. У гэтым годзе прадпрыемства «падрасло» на 2500 гектараў – далучылі былую гаспадарку каледжа і частку земляў «Шляху новага». Статак прыплюсаваў на 150 галоў. Перспектыва на ягонае падваенне. У наступным годзе будзем будаваць новую ферму, даільна-малочную залу, а ў 2020-ым – рэканструяваць два старыя кароўнікі.
Нядаўна адбылася падзея, якую лічу вельмі значнай: сёлета я ўзнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі», і 19 снежня ўзнагароду ўручыў мне прэм’ер-міністр Сяргей Румас. Урачыстасці адбыліся ў Палацы Рэспублікі. Усведамляю, што высокая ўзнагарода абавязвае. Працаваць, намагацца, старацца дзеля выніку, дзеля людзей.

Алена ХАРКЕ,  мнагадзетная маці:

– Год быў – супер! Магчыма таму, што многія асабістыя падзеі здарыліся ўпершыню. Для педагога-арганізатара вялікае шчасце бачыць сваіх вучняў пераможцамі рэспубліканскіх конкурсаў юных экскурсаводаў, разумець, што цябе паважаюць як класнага кіраўніка, тым больш калі ты навічок. З гэтага года выкладаю і фізкультуру. А яшчэ з піянерскай дружынай імя Цацына мы актыўна працуем над праектам па развіцці турыстычнага патэнцыялу Ляхавіцкага раёна. Праз QR-коды раскажам свету пра нашу малую радзіму. Пачатак ужо ёсць!

Надзея ЛАПІЧ,  педагог-арганізатар Малагарадзішчанскай школы:

– Гэты год для мяне аказаўся адметным на падзеі. Канешне, галоўная з іх – нараджэнне 18 верасня дачушкі Маргарыты. А яшчэ мы набылі аўтамабіль. Зараз чакаем наваселле, што падвоіць колькасць нашых «квадратаў». Істотную дапамогу ў гэтым нам як мнагадзетнай сям’і аказвае дзяржава.
Дзве дачкі і два сыны для нас з мужам Аляксандрам вялікае багацце і радасць, памочнікі, наша надзея. Старэйшы Яўгеній вучыцца ў 10 класе, займаецца спортам. 13-гадовая Арына выдатна паспявае ў школе і па-за школай. У складзе гурткоўцаў ЦДАДіМ стварала і прэзентавала калекцыю касцюмаў «Ільняное натхненне» ў Брэсце, дзе занялі трэцяе месца, а яшчэ сталі лепшымі на адкрытым раённым фестывалі-конкурсе «Арт-подыум». Чатырохгадовы Стасік вучыцца брэйк-дансу.
Кожны дзень 2018-га ў нашай сям’і быў напоўнены важнымі падзеямі, справамі, планамі. Хочацца, каб такім жа яркім аказаўся і 2019-ты. Няхай ва ўсіх сем’ях будуць здаровыя дзеткі, шчасцем поўніцца дом.

Дзмітрый ЛОБАН, неаднаразовы прызёр  Паралімпійскіх гульняў, чэмпіён Кубка  свету, прызёр чэмпіянатаў свету, уладальнік «Крыштальнага глобуса»:

– Калі ўспамінаю падзеі Паралімпіяды-2018 у Пхёнчхане, дагэтуль не верыцца, што ўсё атрымалася. Цяпер магу ганарыцца, што ўдзельнічаў у трох Паралімпіядах. Хвалюючым і  адначасова надзвычай адказным было тое, што абранне мяне капітанам каманды Беларусі на Паралімпіядзе ў Карэі. Лічу, выступілі мы дастойна: на нашым рахунку 12 медалёў, сярод якіх 4 вышэйшай пробы – гэта восьмае агульнакаманднае месца сярод 48 зборных. 
Ведаў, што за мяне балелі мае землякі- ляхавічане. Дзякуй! Ваша падтрымка дапамагла стаць двойчы сярэбраным прызёрам Паралімпіяды ў Пхёнчхане: у лыжных гонках і біятлоне.
А яшчэ 2018-ты ўдаўся для мяне як для трэнера. Мая жонка і падапечная Лідзія Графеева не падвяла – заваявала  дзве паралімпійскія бронзы.
Спадзяюся, што гэтыя Гульні – не апошнія ў маёй спартыўнай кар’еры біятланіста, лыжніка і трэнера.
А пакуль бліжэйшыя планы накіраваны на паспяховае выступленне
на чэмпіянаце свету па біятлоне, які пройдзе ў лютым 2019-га ў Канадзе. Усім землякам жадаю ў надыходзячым годзе шчасця,
здароўя і поспехаў.

Юлія ШНАЙДЗЕР,  загадчыца Галаўнінскага ФАПа:

– Ці многа чалавеку патрэбна для шчасця? Мне здаецца – многа: каб жыццё было яркім, змястоўным, поўным падзей, пажадана – прыемных, каб кожны дзень быў радасным і карысным, каб усе мелі здароўе. Адыходзячы год стаў для мяне менавіта такім – насычаным і запамінальным. Здаецца, яшчэ ўчора спяшалася на заняткі ў Пінскім медкаледжы, хвалявалася за экзамены і залікі. А з гэтага лета — ужо малады спецыяліст, па размеркаванні прыехала ў родны раён. У райбальніцы сустрэлі як сваю. Работа, канешне, няпростая – загадваю Галаўнінскім ФАПам, але цікавая і надзвычай патрэбная. Ды і мясцовае насельніцтва прыняло мяне добра, і гэта сапраўды прыемна. А яшчэ ў мяне з’явілася сваё жыллё – арэндная кватэра ў райцэнтры.

Ёсць такая традыцыя – чакаць цудаў ад новага года. А яшчэ ў кожнага з нас ёсць магчымасць зрабіць многае для ператварэння сваёй і чыёйсьці іншай мары ў рэальнасць.