Не перабраць меру

Па традыцыі навагоднія святы суправаджаюцца гуляннямі і застоллем. Ствараючы святочны настрой, важна не перабраць меру і захоўваць элементарныя правілы бяспекі.

Надзвычай небяспечным з’яўляецца ўжыванне сурагатаў алкаголю – розных вадкасцяў, што не прызначаны для ўнутранага спажывання, але, тым не менш, выкарыстоўваюцца некаторымі грамадзянамі замест спіртных напіткаў. У ход ідуць і адэкалоны, і лекі, што ўтрымліваюць спірт, і розныя тэхнічныя вадкасці. Дарэчы, да сурагатаў адносіцца і самагон – высокатаксічны прадукт, што выклікае ў арганізме стойкія незваротныя змяненні. Колькасць ахвяр сурагатаў алкаголю штогод няўхільна расце.
Сур’ёзнай праблемай з’яўляецца і празмернае ўжыванне спіртнога. Сёлета гэта «захапленне» для сямі нашых землякоў скончылася лятальна. Акрамя прамой пагрозы здароўю, лішняя чарка пагаршае каардынацыю (больш шанцаў атрымаць траўмы), прытупляе пачуццё небяспекі (п’яны можа заснуць на марозе і загінуць ад пераахаладжэння), штурхае на супрацьпраўныя ўчынкі.
У перадсвяточныя дні не лішнім будзе нагадаць пра патэнцыяльную небяспеку выкарыстання піратэхнікі. Калі вы вырашылі, што яна абавязковы атрыбут свята, набывайце піратэхніку толькі ў спецыялізаваных магазінах ці гандлёвых аб’ектах, дзе рэалізуецца сертыфікаваная прадукцыя. Памятайце, што набытая ў ненадзейных прадаўцоў можа не адпавядаць стандартам бяспекі, і ніхто не дасць гарантыю, што яна не ўзарвецца ў вас у руках…

Перад выкарыстаннем піратэхнікі неабходна пераканацца, што гэта нікому не прынясе шкоды. Нельга, каб піратэхнічнымі вырабамі карысталіся дзеці: неасцярожнае абыходжанне нават з самымі звычайнымі петардамі можа мець цяжкія наступствы. Да таго ж начныя «салюты» і іншыя дзеянні, што парушаюць грамадскі парадак і спакой іншых грамадзян, могуць пацягнуць адміністрацыйную адказнасць.

ФАКТ

Падчас рэйду, што 20 снежня праводзілі супрацоўнікі Ляхавіцкага РАУС і Баранавіцкага аддзялення дэпартамента аховы, у адным з гандлёвых павільёнаў на рынку ў райцэнтры быў выяўлены факт захоўвання піратэхнічных вырабаў без дакументаў, што пацвярджалі легальнасць іх набыцця. 564 адзінкі нелегальнай піратэхнікі «заважылі» на агульную суму 808 рублёў. У адносінах індывідуальнага прадпрымальніка складзены адміністрацыйны пратакол.
Віталій ДАБРАЧЫНСКІ, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС.