Без навагодняга перапалоху

Пакуль мы старанна рыхтаваліся да Новага года і сустракалі свята, прадстаўнікі многіх службаў клапаціліся пра тое, каб зрабіць яго максімальна бяспечным і без усякіх эксцэсаў.

✓ Узмоцнены варыянт нясення службы падчас навагодніх святаў даў станоўчыя вынікі. Як адзначыў першы намеснік начальніка РАУС Андрэй Гіль, выхадныя выдаліся адносна спакойнымі. «Рэйтынгавае» правапарушэнне – знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення ў грамадскіх месцах (затрымана 9 чалавек).
Сярод надзвычайных выпадкаў – выкраданне і падпал двух аўтамабіляў адным чалавекам у ноч з 29 на 30 снежня. Узбуджаны крымінальныя справы.
✓ Дарэчы, гэты выпадак стаў прычынай і адзінага выезду пажарнай службы ў святочныя выхадныя. Як пажарта-ваў в.а. начальніка РАНС Сяргей Гатоўчыц, на тэлефон паступалі толькі віншавальныя паведамленні.
✓ Жылкамунгас у святы таксама адпрацаваў у звычайным рэжыме. Усе выклікі – бытавога характару, з якімі камунальнікі справіліся хутка.
✓ Для аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі райбальніцы дні з 30 снежня па 1 студзеня вызначыліся павялічанай колькасцю выклікаў. Старшы фельчар Галіна Маневіч расказала, што частай нагодай для выезду медбрыгад былі бытавыя траўмы, павышаны ціск, абвастрэнне захворванняў страўнікава-кішачнага тракту.
Больш за 40 чалавек звярнуліся за дапамогай у прыёмнае аддзяленне райбальніцы падчас навагодніх выхадных. Скаргі традыцыйныя для гэтай пары – высокая тэмпература і кашаль, «слізкія» траўмы.
✓ Дзяжурная служба РЭС працавала ў штатным рэжыме, але была напагатове выехаць на дапамогу землякам. Выхадныя прайшлі без аварыйных адключэнняў электрычных сетак.
Святы працягваюцца. Пага-дзіцеся, хочацца, каб яны запомніліся толькі самымі доб-рымі і радаснымі момантамі. А гэта залежыць ад усіх нас.
Рыта КРАСАВІЦКАЯ.