Каляднае міні

Пасля тайм-аўта, які працягваўся добрых некалькі гадоў, аднавілася правядзенне каляднага турніру па міні-футболе сярод ветэранаў. Аматары віду спорту ўзростам ад сарака гадоў і больш сабраліся на паркеце гульнявых залаў СДЮШАР Ляхавіцкага раёна 5 студзеня.

Большасць з шасці заяўленых да ўдзелу каманд выступілі пад «ветэранскімі» назвамі. Так вёску Галаўнінцы прадстаўляла дружына пад лагатыпам «Новае жыццё», аграгарадкі Жарабковічы і Падлессе – «Беларусь» і «імя Леніна», адпаведна. Каманда «Ганчары» – аматары футбола са стажам з гэтага населенага пункта. Міжраённы статус турніру надаваў удзел у ім футбалістаў з вёскі Арабаўшчына Баранавіцкага раёна. Ну і гараджане ў асобе міні-футбольнай каманды Ляхавіцкага камунгаса.
Душэўны, шчыры футбол – гэта тое адметнае, што асабліва адрознівала турнір. Як і карэктныя дзеянні футбалістаў, іх паважлівае стаўленне да саперніка, добразычлівасць, такт, што зусім не сведчыць аб адсутнасці барацьбы на пляцоўцы, напружанасці, прыгожых перадач, тэх-нічных індывідуальных дзеянняў, складаных удараў.
На першым этапе спаборніцтва каманды сапернічалі ў абе- дзвюх падгрупах па прынцыпе «кожны з кожным». Далей – так званыя стыкавыя супрацьстаянні: лепшыя ў падгрупах разыгралі першынство турніру; каманды, якія папярэдні этап спаборніцтва завяршылі на другіх месцах, пазмагаліся за прызавую бронзу. У залатым паядынку «Ганчары» аказаліся мацнейшымі за «Беларусь» і сталі ўладальнікамі галоўнага прыза каляднага ветэранскага турніру. Трэцяе месца дасталося камандзе «Новае жыццё», якая выйграла «малы фінал» у футбалістаў з аграгарадка Падлессе.
Але не ў каштоўнасці прызоў каштоўнасць гэтага турніру. Зарад бадзёрасці, квант здароўя, порцыя добрага настрою сталі яго галоўнымі бонусамі як для футбалістаў, так і для тых, хто далучыўся да міні-футбола ў якасці гледача.
Іван КАВАЛЕНКА.